Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 38
Усевалад Нястайка
— Значыць, так, — хутка загаварыў Сцёпа. — Ты — слаўны, мужны, магутны эгіпецкі фараон. Які хочаш выбірай: Хеопс... Тутанхамон... Гаменхатэп...
— Гаменхатэп, — раўнадушна сказаў я.
— Цудоўна. О вялікі і мудры фараон Гаменхатэп, — падняў рукі да сонца Сцёпа, — ты заваяваў шмат земляў, ты падначаліў шмат народаў, ты ўпісаў сваё імя ў гісторыю стагоддзяў Старажытнага свету. Але немінучая смерць падсцерагла цябе, і вось ты паміраеш. Плачце, рабы, вялікі Гаменхатэп памірае!
Хлопцы завылі, як шакалы.
— Ну, давай, давай лажыся і памірай, — пад акампанемент гэтага выцця сказаў Сцёпа Карафолька.
Я лёг.
— Развітвайся і... — махнуў рукой Сцёпа.
— Бывайце, — хмура сказаў я. — Не ўспамінайце ліхам. Прабачце, калі што не так. Кланяйцеся тату, маме, Галіне Сідараўне і ўсім нашым.
— Абыдзецца! Памірай, памірай хутчэй! — нецярпліва перабіў Сцёпа.
Я заплюшчыў вочы і гучна выдыхнуў паветра.
— О людзі! О народы! Вялікі Гаменхатэп сканаў! О гора-гора! — так адчайна заверашчаў Сцёпа, што мне зрабілася страшна і шкода самога сябе.
— Але імя яго будзе славіцца ў вяках! І піраміда вялікага Гаменхатэпа зберажэ для пакаленняў памяць пра яго. За работу, нікчэмныя рабы! За работу!
І хлопцы замітусіліся, абкладваючы мяне кавунамі. Праз некалькі хвілін я адчуў, што на грудзі мае навальваецца страшэнны цяжар і мне ўжо няма чым дыхаць.
— Гэй! — крыкнуў я. — Давіце! Гэй! Так я праўда памру. Гэй!
— Цыц! — гаркнуў Сцёпа. — Не размаўляць. Мярцвяк, называецца! Забіваць трэба такіх мерцвякоў!
І паклаў мне кавун проста на рот. Я толькі хакнуў.
— Э не, хлопцы, так ён і сапраўды памрэ, — чую раптам голас Явы. — Так нельга.
І кавун з майго твару адкаціўся.
— А што ж? А як жа тады? Не атрымаецца ж піраміда, — пачуліся галасы.
— Як не атрымаецца? Атрымаецца! — закрычаў Сцёпа. — Я ж зусім забыў. Фараонаў хавалі седзячы або нават стоячы. Падымайся! Уставай, Гаменхатэп! Толькі маўчы — ты мёртвы.
Я падняўся на ногі, і работа зноў закіпела. Цяпер было лягчэй. Хоць і давіла ў бакі, але дыхаць было можна. Я стаяў з заплюшчанымі вачамі, а хлопцы абкладвалі мяне кавунамі. Неўзабаве навокал мяне ўжо была сапраўдная піраміда, з якой вытыркалася толькі мая галава, таксама падобная, як потым сказаў мне Ява, на кавун.
Сцёпа быў вельмі задаволены і весела напяваў пахавальны марш:
— Тра-та-та-ра-та-рай!
І раптам прагучаў пранізлівы крык Антосіка:
— Хлопцы! Уцякай! Дзед!
І ўсе кінуліся наўцёкі. Гэта было так неспадзявана, што я нават не адразу спалохаўся. І толькі калі за хлопцамі ажно пыл закурэў, я зніякавеў.
Я стаяў, абкладзены кавунамі, і не мог варухнуць ні нагой, ні рукой, і глядзеў, як да мяне, размахваючы кіем, бяжыць дзед Салівон.
— Хлопцы! — безнадзейна крыкнуў я. — Куды вы?! А я? Рабы! Гаменхатэпа кінулі! Антосік! Дружа!
Але яны ўжо і пачуць не маглі.
Ну, усё! Пагібель! Зараз дзед падбяжыць, убачыць, што мы нарабілі, размахнецца і — кіем мяне па кумпале. І будзе на адзін разбіты кавун больш. Будзе мне грабніца... Піраміда...
Я ўжо бачыў раз'юшанае аблічча дзеда і чуў, як ён сапе. Бліжэй, бліжэй...
І тут, як з-пад зямлі, з'явіўся Ява. Дзед быў ужо зусім блізка, ужо замахнуўся кіем. Ява падскочыў да мяне, схапіў кавун, што ляжаў каля самай маёй шчакі, і шпурнуў у дзеда. Дзед выпусціў з рук кіёк і ледзьве паспеў злавіць кавун. Ён жа не мог дапусціць, каб кавун упаў на зямлю і разбіўся. А Ява ўжо схапіў другі кавун і зноў кінуў. І зноў дзед злавіў. Гэта было, як у цырку, як у кіно. Ява кідаў, дзед лавіў і клаў на зямлю. Ява кідаў, дзед лавіў і клаў на зямлю.