Читать «Соль жыцця» онлайн - страница 10

Айзік Платнер

1942

СТУДЗЕНЬ

Марозны студзень стаў каля акна. З франтоў прыходзяць добрыя навіны. Здаецца мне, радзіма ўся відна У гэтую вячорную гадзіну. Гарыць агонь, цудоўны чорны хлеб Дае мне сіл для заўтрашняе працы. Я выйду рана, толькі у імгле Пачне маленькі горад прачынацца. Так, дзень пры дні, у гэты самы час, Нібы па змове ці па абяцанню, Я на рагу страчаю скрыпача, Мы разам з ім праходзім на світанні. I радасна мы паўтараем зноў, Што уначы быў адагнаны вораг, I слаўная сям’я совецкіх гарадоў Пабольшала яшчэ на вызвалены горад. Мы прывітаем дзень: я — словам, ён — смыком, Спеў паляціць у дальнюю дарогу. Няхай-жа ён сустрэнецца з байцом, Што пачынае дзень наш перамогай!

1942

ДОЖДЖ

— А што ты мне, бацька, сягоння прынёс? Што там выглядае ў цябе з-пад рукі? — Ці ў свеце ласункі смачнейшыя ёсць, Як свежы хлябок з пытляванай мукі? У сілу ўбіраецца летняя ноч, Паціху ахутваюць хмары зямлю. Дзіця не кладзецца, чакае яно, Што зараз абвешчаны будзе салют. Забыла дзіця, што вячэраць пара, — Пакроен на лусты ляжыць каравай. I праўда, чутно: загулі ў рупарах Знаёмыя словы: «Гаворыць Масква!» Вось дождж сыпануў і пабег у прасцяг, Праліўся у полі, вярнуўся назад, А сон падышоў і загойдаў дзіця, І светлую казку яму расказаў. А дзесьці наперад памкнуўся баец, Асвежаны добрым і цёплым дажджом, Ізноў зарадзіў ён гарматы свае, I ворага ўдарыў знішчаючы гром.

1943

КРАВЕЦ

Нямнога жадаў гэты просты кравец: Каб хлеб на стале аздабляў яго дом, Каб зоры раслі, як суніцы ў траве, Здаволен быў працай сваёй і жыццём. Часамі, у свята, хадзіў ён гуляць, Глядзеў, як рунее суседаў загон, З зялёнага лесу прыносіў галля I столь прыбіраў, як вялося здавён. I слова сказаць, і адзежу пашыць — Стараўся рабіць для суседзей найлепш. Сяляне любілі краўца ад душы, Салодкі яму быў зароблены хлеб. А немец прыйшоў і хаціну спаліў I поле суседава ўшчэнт здратаваў. Гаркотаю дым да нябёс зачадзіў, I сумна панікла ў далінах трава. Ляжыць на руінах забіты яўрэй, — З усёю сям’ёю загінуў кравец, — І толькі дзіця ад нялюдскіх вачэй Суседзі ўтаілі, схавалі ў хляве. Як ноч узышла на затлёны прасцяг, У хлеў адчыніліся дзверы крадком, Суседка прыйшла паглядзець на дзіця, Даць хлеба крыху, напаіць малаком. З жанчыны яно не спускае вачэй, Да хлеба працягвае ручкі свае... Не можа малое уцяміць яшчэ, Чаму гэты хлеб не матуля дае. На грудзі цяжкая слязіна сплыла... Сядзела жанчына з малым да відна, На рукі ўзяла, у свой дом занясла, I маці яму замяніла яна.