Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 89

Леў Мікалаевіч Талстой

— Мы хіба з табою ўгавор які рабілі? — казаў Васіль Андрэевіч Мікіту.— Трэба — бяры, зажывеш. У мяне не як у людзей: пачакай, ды разлікі, ды штрафы. Мы сумленна. Ты мне служыш, і я цябе не пакідаю.

I, кажучы гэта, Васіль Андрэевіч быў шчыра ўпэўнены, што ён апякуецца над Мікітам: гэтак пераканальна ён умеў гаварыць і гэтак жа ўсе людзі, якія залежалі ад ягоных грошай, пачынаючы з Мікіты, падтрымлівалі яго ў думцы, што ён не ашуквае, а апякуецца над імі.

— Ды я разумею, Васіль Андрэевіч; здаецца, служу, стараюся, як бацьку роднаму. Я вельмі добра разумею,— адказваў Мікіта, вельмі добра разумеючы, што Васіль Андрэевіч ашуквае яго, але разам з тым адчуваў, што нечага і спрабаваць удакладняць з ім свае разлікі, а трэба жыць, пакуль няма іншага месца, і браць, што даюць.

Цяпер, атрымаўшы загад гаспадара запрагаць, Мікіта, як заўжды, весела і ахвотна, бадзёрым і лёгкім крокам сваіх гусіных ног падаўся да гумна, зняў там з цвіка цяжкую раменную з кутасікамі аброць і, пазвоньваючы баранчыкамі цугляў, пайшоў да зачыненага хлева, у якім асобна стаяў той конь, якога загадаў Васіль Андрэевіч запрагаць.

— Што, засумаваў, засумаваў, дурненькі? — казаў Мікіта, адказваючы на прывітальнае ржанне, якім сустрэў яго сярэдняга росту, прыгожы, крышку віслазады, цёмна-гняды, з падпалінамі, жарэбчык, які стаяў адзін ў хлеўчуку.— Ну, ну! паспееш, дай спачатку напаю,— гаварыў ён з канём гэтак жа, як гавораць з разумнымі істотамі, і, абмахнуўшы крысом шырокую з жалабком пасярэдзіне, раз’едзеную і засыпаную пылам спіну, ён надзеў на прыгожую маладую галаву жарэбчыка аброць, паправіў ягоныя вушы і грыўку і, скінуўшы вуздэчку, павёў паіць.

Асцярожна выбраўшыся з высока загноенага хлева, Гняды заіграў і ўзбрыкнуў, прыкідваючыся, што хоча задняю нагою выцяць Мікіту, які трушком бег з ім да студні.

— Гуляй, гуляй, шэльма! — кідаў яму Мікіта, які ведаў тую асцярожнасць, з якою Гняды ўскідваў заднюю нагу, толькі каб дакрануцца да яго зацухмоленага кажушка, але не выцяць, і вельмі любіў гэтую яго звычку.

Напіўшыся сцюдзёнае вады, конь уздыхнуў, варушачы мокрымі моцнымі губамі, з якіх капалі з вусоў у карыта празрыстыя кроплі, і прыціхнуў, нібыта задумаўся; потым раптам гучна пырхнуў.

— Не хочаш, не трэба, гэтак і ведаць будзем; ужо болей не прасі,— сказаў Мікіта, зусім сур’ёзна і грунтоўна тлумачачы свае паводзіны Гнядому; і зноў пабег да гумна, паторгваючы за повад вясёлага маладога каня, які ўзбрыкваў і патрэскваў на ўвесь двор.

З парабкаў нікога не было; быў толькі адзін чужы, кухарчын муж, які прыйшоў на свята.

— Ідзі папытайся, душа добрая,— сказаў яму Мікіта,— якія сані запрагаць: развалкі ці маленькія?

Кухарчын муж пайшоў у жалезам крыты на высокім падмурку дом і хутка вярнуўся з весткаю, што загадана ўпрагаць маленькія. Мікіта ў гэты час ужо надзеў хамут, падвязаў падсядзёлак, абабіты цвічкамі, і, у адной руцэ несучы лёгкую пафарбаваную дугу, а другою ведучы каня, падыходзіў да дваіх саней, якія стаялі ля хлева.

— Маленькія дык маленькія,— сказаў ён і завёў у аглоблі разумнага коніка, які ўвесь час прыкідваўся, што хоча ўкусіць яго, і з дапамогаю кухарчынага мужа пачаў запрагаць.