Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 87

Леў Мікалаевіч Талстой

Пра тое ж, што было галоўнае для мяне, пра сваю віну, здраду, яна нібы лічыла, што і ўпамінаць не варта.

— Так, палюбуйся на тое, што ты зрабіў,— сказала яна, пазіраючы ў дзверы, і ўсхліпнула. У дзвярах стаяла сястра з дзецьмі.— Так, вось што ты зрабіў.

Я зірнуў на дзяцей, на яе пабіты, з падцёкамі твар і ўпершыню забыў пра сябе, пра свае правы, пра свой гонар, упершыню ўбачыў у ёй чалавека. I гэткім нікчэмным мне здалося ўсё тое, што абражала мяне,— уся мая рэўнасць, і гэтакім значным тое, што я зрабіў, што я хацеў прыпасці тварам да яе рукі і сказаць: «Даруй!» — але не адважыўся.

Яна маўчала, заплюшчыўшы вочы, мусіць, не маючы сілы гаварыць далей. Потым знявечаны твар яе задрыжаў і зморшчыўся. Яна слаба адштурхнула мяне.

— Навошта ўсё гэта было? Навошта?

— Даруй мне,— сказаў я.

— Даруй? Усё гэта глупства!.. Толькі б не памерці!..— крыкнула яна, прыўзнялася, і ліхаманкавыя бліскучыя вочы яе скіраваліся на мяне.— Так, ты дабіўся свайго!.. Ненавіджу!.. Ай! Ах! — мусіць, трызнячы, спалохаўшыся нечага, закрычала яна.— Ну, забівай, забівай, я не баюся... Толькі ўсіх, усіх і яго. Пайшоў, пайшоў!

Трызненне не спынялася. Яна не пазнавала нікога. У той жа дзень, апоўдні, яна памерла. Мяне перад гэтым, у восем гадзін, адвялі ў часць і адтуль у астрог. I там, праседзеўшы адзінаццаць месяцаў, чакаючы суда, я абдумаў сябе і сваё мінулае і зразумеў яго. Пачаў разумець я на трэці дзень. На трэці дзень мяне вадзілі туды...

Ён штось хацеў сказаць, але не маючы сілы стрымаць рыдання, сціх. Потым сабраўся з духам і расказваў далей.

— Я пачаў разумець толькі тады, калі ўбачыў яе ў труне...— Ён усхліпнуў, але адразу ж таропка працягваў: — Толькі тады, калі я ўбачыў яе мёртвы твар, я зразумеў усё, што я зрабіў. Я зразумеў, што я, я забіў яе, што ад мяне зрабілася тое, што яна была жывая, рухомая, цёплая, а цяпер стала нерухомая, васковая, халодная і што паправіць гэтага нікому, нідзе, нічым нельга. Той, хто не перажыў гэтага, той не можа зразумець... У! у! у!..— крыкнуў ён колькі разоў і сціхнуў.

Мы доўга сядзелі моўчкі. Ён усхліпваў і ціха калаціўся перада мной.

— Ну, даруйце...

Ён адвярнуўся ад мяне і прылёг на лаўцы, укрыўшыся пледам. На той станцыі, дзе мне трэба было выходзіць,— гэта было ў восем гадзін раніцы,— я падышоў да яго, каб развітацца. Ці ён спаў, ці прыкідваўся, але ён не варушыўся. Я крануў яго рукою. Ён адкрыўся, і відаць было, што ён не спаў.

— Бывайце,— сказаў я, падаючы яму руку.

Ён падаў мне руку і ледзь прыкметна ўсміхнуўся, але гэтак жаласна, што мне захацелася плакаць.

— Так, даруйце,— паўтарыў ён тое ж слова, якім скончыў і ўвесь расказ.

ГАСПАДАР I ПАРАБАК

I

Гэта было ў сямідзесятыя гады, на другі дзень пасля зімняга Міколы. У парафіі было свята, і вясковаму дворніку, купцу другой гільдыі Васілю Андрэевічу Брахунову, нельга было адлучыцца: трэба было быць у царкве,— ён быў царкоўны стараста,— і дома трэба было прыняць і пачаставаць радню і знаёмых. Але вось апошнія госці паехалі, і Васіль Андрэевіч стаў адразу ж збірацца да суседняга памешчыка купляць у яго ўжо даўно прыгледжаную дзялянку. Васіль Андрэевіч спяшаўся ехаць, каб гарадскія купцы не адбілі ў яго гэтай выгаднай пакупкі. Малады памешчык прасіў за дзялянку дзесяць тысяч толькі таму, што Васіль Андрэевіч даваў за яе сем. Сем жа тысяч складалі толькі адну траціну сапраўднага кошту дзялянкі. Васіль Андрэевіч, магчыма, вытаргаваў бы і яшчэ, паколькі лес знаходзіўся ў ягонае акрузе, і між ім і вясковымі павятовымі купцамі ўжо даўно быў наладжаны парадак, па якім адзін не павышаў цаны ў акрузе другога, аднак Васіль Андрэевіч дазнаўся, што губернскія лясныя купцы хацелі ехаць таргаваць Гарачкаўскую дзялянку, і ён рашыў адразу ж ехаць і скончыць справу з памешчыкам. I таму, як толькі адышло свята, ён дастаў з куфра свае семсот рублёў, дадаў да іх дзве тысячы трыста царкоўных, якія знаходзіліся ў яго, каб склалася тры тысячы рублёў, і, старанна пералічыўшы іх і паклаўшы ў бумажнік, сабраўся ехаць.