Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 76

Леў Мікалаевіч Талстой

А то страшны сродак у руках каго папала. Напрыклад, хоць бы гэту Крэйцараву санату, першае прэста. Хіба можна іграць у гасцінай сярод дэкальтаваных дам гэтае прэста? Сыграць і потым папляскаць, а потым есці марожанае і гаварыць пра апошнюю плётку. Гэтыя рэчы можна іграць толькі пры пэўных, важных, значных абставінах, і тады, калі трэба ажыццявіць пэўныя, адпаведныя гэтай музыцы важныя справы. Сыграць і зрабіць тое, на што настроіла гэтая музыка. А тое не адпаведнае ні месцу, ні часу ўзбуджэнне энергіі, пачуцця, якое ніяк не выяўляецца, не можа не дзейнічаць згубна. На мяне ва ўсякім разе рэч гэтая падзейнічала жахліва; мне як быццам адкрыліся зусім новыя, здавалася мне, пачуцці, новыя магчымасці, пра якія я не ведаў да гэтае пары. Ды вось як, зусім не так, як я раней думаў і жыў, а вось як, нібы гаварылася мне ў душы. Што гэта было тое новае, пра што я дазнаўся, я не мог даць сабе адказу, але ўсведамленне гэтага новага стану было вельмі радаснае.

Усё тыя ж людзі, у тым ліку і жонка і ён, уяўляліся зусім у іншым святле.

Пасля гэтага прэста яны даігралі цудоўнае, але звычайнае, не новае andante з пошлымі варыяцыямі і зусім слабы фінал. Потым яшчэ ігралі па просьбе гасцей то элегію Эрнста, то яшчэ розныя рэчы. Усё гэта было добра, але ўсё гэта не зрабіла на мяне і 0,01 таго ўражання, якое зрабіла першае. Усё гэта адбывалася ўжо на фоне таго ўражання, якое пакінула першае. Мне было лёгка, весела ўвесь вечар. Жонку ж я ніколі не бачыў такой, якой яна была ў той вечар. Гэтыя бліскучыя вочы, гэтая строгасць, значнасць выразу, пакуль яна іграла і гэтая растаянасць, якаясьці кволая, убогая і шчаслівая ўсмешка пасля таго, як яны скончылі. Я ўсё гэта бачыў, але не прыпісваў гэтаму ніякага іншага значэння, апрача таго, што яна адчувала тое ж, што і я, што і ёй, як і мне, адкрыліся, нібы прыгадаліся новыя нявыпрабаваныя пачуцці. Вечар скончыўся добра, і ўсе раз’ехаліся.

Трухачэўскі, які ведаў, што я павінен быў праз два дні ехаць на з’езд, пры развітанні сказаў, што ён спадзяецца ў свой другі прыезд паўтарыць радасць сённяшняга вечара. З гэтага я мог зрабіць заключэнне, што ён не лічыў магчымым бываць у мяне без мяне, і гэта было мне прыемна. Выходзіла, што паколькі я не вярнуся да ягонага ад’езду, то мы з ім больш не ўбачымся.

Я ўпершыню са шчыраю радасцю паціснуў яму руку і падзякаваў яму за прыемны вечар. Ён таксама зусім развітаўся з жонкаю. I іх развітанне здалося мне самым натуральным і прыстойным. Усё было цудоўна. Мы абое з жонкаю былі вельмі здаволены вечарам.