Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 67

Леў Мікалаевіч Талстой

Адносіны яе з гэтым музыкантам, якія б яны ні былі, для мяне гэта не мае сэнсу, ды і для яе таксама. Мае ж сэнс тое, што я вам расказаў, гэта значыць, маё свінства. Усё адбылося таму, што між намі была тая страшэнная бездань, пра якую я вам казаў, тое страшэннае напружанне ўзаемнай нянавісці адно да аднаго, пры якой першай жа зачэпкі было дастаткова, каб выклікаць крызіс. Сваркі між намі рабіліся ў апошні час чымсьці страшным і былі асабліва дзіўныя, бо чаргаваліся з таксама напружанай жывёльнай палкасцю.

Каб не ён паявіўся, паявіўся б іншы. Каб не прычына рэўнасці, дык іншая. Я настойваю на тым, што ўсе мужы, якія гэтак жывуць, як я жыў, павінны або распуснічаць, або разысціся, або забіць самі сябе ці сваіх жонак, як я зрабіў. Калі з кім гэтага не здарылася, дык гэта надзвычай рэдкае выключэнне. Я, перш чым скончыць, як я скончыў, быў колькі разоў на грані самагубства, а яна таксама атручвалася.

XX

— Так, гэта ўсё было, і незадоўга перад тым.

Жылі мы як быццам у перамір’і, і няма ніякіх прычын парушаць яго; раптам пачынаецца гаворка аб тым, што такі і такі сабака на выстаўцы атрымаў медаль, кажу я. Яна кажа: «Не медаль, а пахвальны водгук». Пачынаецца спрэчка. Пачынаецца пераскокванне з аднаго на другое, папіканні: «Ну, ды гэта даўно вядома, заўсёды гэтак: ты сказаў...» — «Не, я не казаў».— «Значыць, я хлушу!..» Адчуваеш, што вось-вось пачнецца тая страшэнная сварка, пры якой хочацца сябе ці яе забіць. Ведаеш, што зараз пачнецца, і баішся гэтага, як агню, і таму хацеў бы стрымацца, аднак злосць апаноўвае ўсю тваю істоту. Яна ў тым жа, яшчэ горшым становішчы, назнарок перакручвае кожнае тваё слова, надаючы яму няправільнае значэнне; кожнае ж яе слова насычана атрутаю; дзе толькі яна ведае, што мне асабліва балюча, туды якраз яна і джгае. Далей, болей. Я крычу: «Маўчы!» — ці што-небудзь накшталт гэтага. Яна выбягае з пакоя, ляціць у дзіцячую. Я намагаюся ўтрымаць яе, каб дагаварыць і давесці, хапаю яе за руку. Яна прыкідваецца, што зрабіў ёй балюча, і крычыць: «Дзеці, ваш бацька б’е мяне!» Я крычу: «Не хлусі!» — «Гэта ўжо не ўпершыню!» — крычыць яна ці што-небудзь падобнае. Дзеці кідаюцца да яе. Яна супакойвае іх. Я кажу: «Не прыкідвайся!» Яна кажа: «Для цябе ўсё прытворства; ты заб’еш чалавека і будзеш гаварыць, што ён прыкідваецца. Цяпер я зразумела цябе. Ты гэтага і хочаш!» — «О, хоць бы ты здохла!» — крычу я. Памятаю, як мяне жахнулі гэтыя страшныя словы. Я ніяк не чакаў, каб я мог сказаць гэткія страшныя, грубыя словы, і здзіўляюся таму, што яны маглі вылецець з мяне. Я крычу гэтыя страшныя словы і бягу ў кабінет, саджуся і куру. Чую, што яна выходзіць у пярэдні пакой і збіраецца ехаць. Я пытаюся куды. Яна не адказвае. «Ну, і чорт з ёю»,— кажу я сабе, вяртаюся ў кабінет, зноў кладуся і куру. Тысячы розных планаў аб тым, як адпомсціць ёй і пазбавіцца ад яе і як паправіць усё гэта і зрабіць так, як быццам бы нічога і не было, прыходзіць мне ў галаву. Я пра ўсё гэта думаю і куру, куру, куру. Думаю збегчы ад яе, схавацца, паехаць у Амерыку. Даходжу да таго, што пачынаю марыць аб тым, як я пазбаўлюся ад яе і як гэта будзе цудоўна, як сыдуся з іншаю, цудоўнаю жанчынаю, зусім новаю. Пазбаўлюся тым, што яна памрэ, або тым, што развядуся, і думаю, як гэта зрабіць. Бачу, што я блытаюся, што я не пра тое думаю, пра што трэба, і таму, каб не бачыць, што я не пра тое думаю, пра што трэба, таму і куру.