Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 48

Леў Мікалаевіч Талстой

VII

— Дык вось, мяне гэтыя джэрсі, кудзеркі і нашлёпкі і злавілі. Злавіць жа мяне лёгка было, таму што я выхаваны быў у тых умовах, пры якіх, як агуркі на папары, растуць закаханыя маладыя людзі. Бо наша празмерна багатая вострая ежа пры сучаснай фізічнай бяздзейнасці ёсць не што іншае, як сістэматычнае распальванне юру. Здзіўляйцеся не здзіўляйцеся, а гэта так. Я сам гэтага да апошняга часу нічога не бачыў. А цяпер убачыў. Праз гэта я і пакутую, бо ніхто гэтага не ведае, а гавораць такое глупства, як вунь тая пані.

Так, непадалёку ад мяне сёлета вясною працавалі мужыкі на чыгуначным насыпе. Звычайная ежа малога з сялян — хлеб, квас, цыбуля; ён жвавы, бадзёры, здаровы, робіць лёгкую палявую работу. Ён паступае на чыгунку, і харч у яго — каша і адзін фунт мяса. Але затое ён і скідае гэтае мяса на шаснаццацігадзіннае працы з тачкаю ў трыццаць пудоў. I яму якраз гэтак. Ну а мы, якія з’ядаем па два фунты мяса, дзічыны, выпіваем рознага моцнага пітва,— куды гэта ідзе? На пажадлівыя эксцэсы. I калі ідзе туды, выратавальны клапан адкрыты, усё добра, але прыкрыйце клапан, як я прыкрываў яго часова, і адразу ж паяўляецца юрлівасць, якая, праходзячы праз прызму нашага штучнага жыцця, выяўляецца ў закаханасці самае чыстае вады, іншы раз нават у платанічнае. I я закахаўся, як і ўсе іншыя. I ўсё было ў наяўнасці: і захапленні, і замілаванні, і паэзія. Па сутнасці ж гэтае маё каханне было творам, з аднаго боку, дзейнасці маці і краўчых, з другога — лішку страў, якія я паглынаў пры бяздзейным жыцці. Каб не было, з аднаго боку, катанняў на лодках, не было краўчых з таліямі і г. д., а была б мая жонка апранута ў нязграбную капоту і сядзела б яна дома, а я быў бы, з другога боку, у нармальных умовах чалавека, які паглынаў бы столькі страў, колькі трэба для працы, і быў бы ў мяне выратавальны клапан адкрыты,— а то ён выпадкова прыкрыўся неяк на гэты час,— я не закахаўся б, і нічога гэтага не было б.

VIII

— Ну, а тут гэтак падышло: і мой стан, і адзежа добрая, і катанне на лодках удалося. Дваццаць разоў не ўдавалася, а тут ўдалося. Нібы тая пастка. Я не смяюся. Цяпер жа шлюбы і нагадваюць пасткі. Бо натуральна што? Дзеўка выспела, трэба яе аддаваць. Здаецца, як проста, калі дзеўка не пачвара і ёсць мужчыны, якія хочуць ажаніцца. Гэтак і рабілася некалі. Увайшла ў гады дзяўчына, бацькі наладжвалі вяселле. Гэтак рабілася, робіцца ва ўсім чалавецтве: у кітайцаў, індзейцаў, магаметан, у нас у народзе; гэтак робіцца ў родзе чалавечым ва ўсякім разе ў 0,99 ягонае часткі. Толькі 0,01 або меней нас, распуснікаў, вырашылі, што гэта нядобра, і прыдумалі новае. Але што новае? А новае тое, што дзяўчаты сядзяць, а мужчыны, як на рынак, ходзяць і выбіраюць. А дзяўчаты чакаюць і думаюць, але не могуць сказаць: «Бацюхна, мяне! не, мяне. Не яе, а мяне: у мяне, зірні, якія плечы і іншае». А мы, мужчыны, пахаджаем, азіраемся на бакі і вельмі здаволены. «Ведаю, маўляў, я не пападуся». Пахаджаюць, азіраюцца на бакі, вельмі здаволены, што для іх усё гэтак уладкавана. Зірк, не ўсцярогся,— плясь, тут і ёсць!