Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 23

Леў Мікалаевіч Талстой

— Што з табою, горш?

— Так.

Яна паківала галавою, пасядзела.

— Ведаеш, Jean, я думаю, ці не запрасіць да цябе Лешчаціцкага.

Гэта значыць славутага доктара запрасіць і не пашкадаваць грошай. Ён з’едліва ўсміхнуўся і сказаў: «Не». Яна пасядзела, падышла і пацалавала яго ў лоб.

Ён ненавідзеў яе ўсімі сіламі душы ў той час, як яна цалавала яго, і ледзьве стрымліваўся, каб не адштурхнуць яе.

— Бывай. Бог дасць, заснеш.

— Так.

VI

Іван Ільіч бачыў, што ён памірае, і ўвесь час быў у роспачы.

У глыбіні душы Іван Ільіч ведаў, што ён памірае, аднак ён не толькі не прывык да гэтага, але проста не разумеў, ніяк не мог зразумець гэтага.

Той прыклад сілагізма, які ён ведаў з логікі Кізеветэра: Кай — чалавек, людзі смяротны, таму Кай смяротны, здаваўся яму ўсё жыццё правільным толькі ў адносінах да Кая, але ніяк не да яго. То быў Кай — чалавек, наогул чалавек, і гэта было зусім справядліва; аднак ён быў не Кай і не наогул чалавек, а ён заўжды быў зусім, зусім асабліваю істотаю, не падобнаю да іншых; ён быў Ваня з мама, з тата, з Міцем і Валодзем, з цацкамі, фурманам, з нянькаю, потым з Каценькаю, з усімі радасцямі, нягодамі, захапленнямі маленства, юнацтва, маладосці. Хіба для Кая быў той пах скуранога ў палоскі мячыка, які гэтак любіў Ваня! Хіба Кай цалаваў гэтак матчыну руку і хіба для Кая гэтак шамацеў шоўк складак матчынай сукенкі? Хіба ён бунтаваў за піражкі ў Правазнаўстве? Хіба Кай гэтак быў закаханы? Хіба Кай мог гэтак весці пасяджэнне?

Кай і сапраўды смяротны, і яму трэба паміраць, але мне, Ваню, Івану Ільічу, з усімі маімі пачуццямі, думкамі,— мне гэта другая справа. I не можа быць, каб мне трэба было паміраць. Гэта было б вельмі жахліва.

Так думалася яму.

«Каб і мне паміраць, як Каю, дык я ведаў бы пра гэта, так бы і казаў мне ўнутраны голас, але нічога падобнага не было ў мяне; і я і ўсе мае сябры — мы разумелі, што гэта зусім не так, як з Каем. А цяпер вось што! — казаў ён сабе.— Не можа быць. Не можа быць, а ёсць. Як жа гэта? Як зразумець гэта?»

I ён не мог зразумець і стараўся адагнаць гэтую думку, як памылковую, няправільную, хваравітую, і выціснуць яе іншымі, правільнымі, цвярозымі думкамі. Аднак думка гэтая, не толькі думка, але як быццам рэчаіснасць, прыходзіла зноў і спынялася перад ім.

I ён заклікаў па чарзе на месца гэтай думкі іншыя думкі, спадзеючыся адчуць у іх апору. Ён рабіў спробу вярнуцца да ранейшых хадоў думкі, якія засланялі для яго некалі думку пра смерць. Але — дзіўная рэч — усё тое, што некалі засланяла, хавала, знішчала ўсведамленне смерці, цяпер ужо не магло аказваць гэтага ўздзеяння. Апошні час Іван Ільіч усё часцей і часцей рабіў спробы аднавіць ранейшыя хады думкі, якая засланяла смерць. То ён казаў сабе: «Займуся службаю, гэта ж ёю я жыў». I ён ішоў у суд, адганяючы ад сябе ўсе сумненні; заводзіў размовы з таварышамі і садзіўся, па старой звычцы няўважліва, задуменным позіркам акідваў натоўп і, абедзвюма схуднелымі рукамі абапіраючыся на дубовае крэсла, гэтак жа, як заўсёды, нахіляючыся да таварыша, падсоўваючы справу, перашэптваючыся, і потым, раптам ускінуўшы вочы і выпростваючыся, гаварыў вядомыя словы і пачынаў справу. Але раптоўна боль у баку, не звяртаючы аніякае ўвагі на перыяд развіцця справы, пачынаў сваю страшную справу. Іван Ільіч прыслухоўваўся, гнаў прэч думку пра боль, але ён працягваў сваё, ён прыходзіў і станавіўся проста перад ім і пазіраў на яго, і ён слупянеў, агеньчык тухнуў у вачах, і ён пачынаў зноў пытацца ў сябе: «Няўжо толькі ён праўда?» I таварышы і падначаленыя са здзіўленнем і смуткам бачылі, што ён, гэтакі бліскучы, тонкі суддзя, блытаў, рабіў памылкі. Ён падбадзёрваўся, стараўся ачомацца і так-сяк даводзіў да канца пасяджэнне і вяртаўся дадому з сумным усведамленнем, што не можа па-ранейшаму судовая яго справа схаваць ад яго тое, што ён хацеў схаваць; што судоваю справаю ён не можа пазбавіцца ад яго. I што было горш за ўсё — гэта тое, што ён прыцягваў ягоную ўвагу да сябе не для таго, каб ён рабіў што-небудзь, а толькі для таго, каб ён глядзеў на яго, проста яму ў вочы, глядзеў на яго і, нічога не робячы, невымоўна пакутаваў.