Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 25

Леў Мікалаевіч Талстой

Ён спаў усё меней і меней: яму давалі опіум і пачалі ўводзіць марфін. Але гэта не прыносіла яму палёгкі. Тупая нуда, якую ён адчуваў у напаўсонным стане, спачатку толькі аблягчала яго як штось новае, аднак потым яна зрабілася гэткая ж ці нават яшчэ больш пакутлівая, чым ранейшы боль.

Яму гатавалі розныя незвычайныя стравы па прадпісанні ўрачоў; але стравы гэтыя здаваліся яму ўсё больш нясмачныя і агідныя.

Для ягоных экскрэментаў таксама былі зроблены спецыяльныя прыстасаванні, і кожны раз гэта былі пакуты. Пакуты ад нечыстотаў, непрыстойнасці і смуроду, ад усведамлення таго, што ў гэтым павінен удзельнічаць яшчэ нехта.

Аднак гэтая самая непрыемная справа прыносіла і суцяшэнне Івану Ільічу. Прыходзіў заўсёды выносіць за ім буфетны мужык Гарасім.

Гарасім быў чысты, свежы малады мужык, які прыкметна пасыцеў на гарадскіх харчах. Заўсёды вясёлы, ясны. Спярша выгляд гэтага, заўсёды чыстага, па-руску апранутага чалавека, які займаўся гэтакай прыкрай справай, бянтэжыў Івана Ільіча.

Аднойчы, падняўшыся з судна і не маючы сілы нацягнуць панталоны, ён паваліўся на мяккае крэсла і з жахам пазіраў на свае голыя, з рэзка акрэсленымі мускуламі, знясіленыя ляжкі.

Зайшоў у шырокіх ботах, распаўсюджваючы вакол сябе прыемны пах дзёгцю ад ботаў і свежасці зімовага паветра, лёгкай дужай хадой Гарасім, у зрэбным чыстым фартусе і чыстай паркалёвай кашулі, з закасанымі на голых, дужых, маладых руках рукавамі, і, не пазіраючы на Івана Ільіча,— відаць, стрымліваючы, каб не пакрыўдзіць хворага, радасць жыцця, якая ззяла на ягоным твары,— падышоў да судна.

— Гарасім,— ціха вымавіў Іван Ільіч.

Гарасім уздрыгнуў, мусіць, спалохаўся, ці не даў ён дзе маху, і шпаркім рухам павярнуў да хворага свой свежы, лагодны, просты, малады твар, які толькі-толькі пачынаў абрастаць барадою.

— Чаго вашае ласцы?

— Табе, як я мяркую, непрыемна гэта. Ты прабач мне. Я не магу.

— Што вы, што вы! — I Гарасім бліснуў вачмі і выскаліў свае маладыя белыя зубы.— Чаго ж мне не папрацаваць? Ваша справа хворая.

I ён спрытнымі, дужымі рукамі зрабіў сваю прывычную справу і ціха выйшаў. А праз пяць хвілін, гэткай жа ціхай хадой, вярнуўся.

Іван Ільіч усё гэтак жа сядзеў у крэсле.

— Гарасім,— сказаў ён, калі той паставіў чыстае, абмытае судна,— падыдзі, калі ласка, сюды, памажы мне.— Гарасім падышоў.— Падымі мяне. Мне цяжка аднаму, а Дзімітрыя я паслаў.

Гарасім падышоў; дужымі рукамі, гэтак жа, як ён лёгка хадзіў, абняў, зручна, мякка падняў і патрымаў, другой рукой падцягнуў панталоны і хацеў пасадзіць. Але Іван Ільіч папрасіў яго падвесці яго да канапы. Гарасім без намагання, амаль на руках, падвёў яго да канапы і пасадзіў.

— Дзякую. Як ты спрытна, добра... усё робіш.

Гарасім зноў усміхнуўся і хацеў быў пайсці.

Але Івану Ільічу гэтак добра было з ім, што не хацелася адпускаць.