Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 21

Леў Мікалаевіч Талстой

«Не трэба, не трэба»,— сказаў ён сабе, падхапіўся, падышоў да стала, разгарнуў справу, пачаў чытаць яе, але не мог. Ён адамкнуў дзверы, пайшоў у залу. Дзверы ў гасціную былі прычынены. Ён падышоў да іх на дыбачках і прыслухаўся.

— Не, ты пераўвялічваеш,— казала Праскоўя Федараўна.

— Як гэта пераўвялічваю? Табе не відаць — ён мёртвы чалавек, зазірні ў ягоныя вочы. Няма святла. Што з ім?

— Ніхто не ведае. Нікалаеў (гэта быў іншы доктар) сказаў штось, але я не ведаю. Лешчаціцкі (гэта быў славуты доктар) сказаў зусім іншае...

Іван Ільіч адышоў, пайшоў да сябе, лёг і задумаўся: «Нырка, блукаючая нырка». Ён прыгадаў ўсё тое, што яму гаварылі дактары, як яна адарвалася і як блукае. I ён намаганнем фантазіі стараўся злавіць гэтую нырку і спыніць, умацаваць яе; гэтак мала трэба, здавалася яму. «Не, паеду яшчэ да Пятра Іванавіча». (Гэта быў той прыяцель, у якога быў прыяцелем доктар.) Ён пазваніў, загадаў запрэгчы каня і сабраўся ехаць.

— Куды ты, Jean? — спытала жонка з вельмі журботным і непрывычна лагодным выразам.

Гэта непрывычнае лагоднае раззлавала яго. Ён змрочна паглядзеў на яе.

— Мне трэба да Пятра Іванавіча.

Ён паехаў да прыяцеля, у якога быў прыяцель доктар. I з ім да доктара. Ён застаў яго і доўга гутарыў з ім.

Разглядаючы анатамічна і фізіялагічна падрабязнасці аб тым, што, на думку доктара, адбывалася ў ім, ён усё зразумеў.

Была адна штучка, маленькая штучка ў сляпой кішкі. Усё гэта магло паправіцца. Узмацніць энергію аднаго органа, аслабіць дзейнасць другога, пачнецца рассмоктванне, і ўсё паправіцца. Ён крыху спазніўся к абеду. Паабедаў, весела пагаварыў, але доўга не мог пайсці да сябе займацца. Нарэшце ён пайшоў у кабінет і адразу сеў за працу. Ён чытаў справы, працаваў, аднак усведамленне таго, што ў яго ёсць адкладзеная важная задушэўная справа, якою ён зоймецца пасля ўсяго, не пакідала яго. Калі ён скончыў са справамі, ён прыгадаў, што гэтая задушэўная справа былі думкі пра сляпую кішку. Але ён не аддаўся ім, ён пайшоў у гасціную піць чай. Былі госці, гутарылі і ігралі на фартэпіяна, спявалі; быў судовы следчы, жаданы жаніх дачкі. Іван Ільіч правёў вечар, на думку Праскоўі Федараўны, нават весялей за іншых, але ён ні на хвіліну не забываў, што ў яго ёсць адкладзеныя важныя думкі пра сляпую кішку. У адзінаццаць гадзін ён развітаўся і пайшоў да сябе. Ён спаў адзін з часу свае хваробы: у маленькім пакойчыку ля кабінета. Ён пайшоў, распрануўся і ўзяў раман Заля, але не чытаў яго, а думаў. I ў ягонай фантазіі адбывалася жаданае выпраўленне сляпой кішкі. Рассмоктвалася, выкідвалася, аднаўлялася правільная дзейнасць. «Усё гэта так,— сказаў ён сабе.— Толькі трэба памагаць прыродзе». Ён успомніў пра лекі, прыўстаў, прыняў іх, лёг на спіну, прыслухоўваючыся да таго, як жыватворна дзейнічаюць лекі і як яны сунімаюць боль. «Толькі ў час прымаць і пазбягаць шкодных уплываў; я ўжо зараз адчуваю крышку лепш, значна лепш».