Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 24

Леў Мікалаевіч Талстой

I, ратуючыся ад гэтага стану, Іван Ільіч шукаў суцяшэння, іншых шырмаў, і іншыя шырмы паяўляліся і на кароткі час як быццам ратавалі яго, але адразу ж зноў не столькі разбураліся, колькі прасвечвалі, як быццам ён прабіваўся праз усё, і нішто не магло яго засланіць.

Бывала, у гэты апошні час ён зойдзе ў гасціную, прыбраную ім,— у тую гасціную, дзе ён паваліўся, для якой ён,— як яму з’едліва смешна было думаць,— для ўладкавання якой ён ахвяраваў жыццё, таму што ён ведаў, што хвароба ягоная пачалася з гэтага ўдару,— ён заходзіў і бачыў, што на лакіраваным стале быў рубец, прарэзаны чымсьці. Ён шукаў прычыну і знаходзіў яе ў бронзавай аздобе альбома, адагнутай збоку. Ён браў альбом, дарагі, ім сабраны з любоўю, і крыўдаваў на неахайнасць дачкі і яе сяброў,— то разадрана, то карткі перавернуты. Ён прыводзіў гэта старанна да ладу, адгінаў назад аздобу.

Потым яму прыходзіла думка ўвесь гэты établissement [] з альбомамі перасунуць у другі кут, да вазонаў. Ён клікаў лёкая: або дачка або жонка прыходзілі на дапамогу; яны не згаджаліся, пярэчылі, ён спрачаўся, сердаваў; але ўсё было добра, таму што ён не памятаў пра яго, яго не было відаць.

Але вось жонка сказала, калі ён сам перасоўваў: «Дазволь, людзі зробяць, ты зноў наробіш сабе шкоды», і раптам ён мільгануў праз шырмы, ён угледзеў яго. Ён мільгануў, ён яшчэ спадзяецца, што ён схаваецца, аднак міжвольна ён прыслухаўся да боку,— там сядзіць усё тое ж, усё гэтак жа ные, і ён ужо не можа забыць, і ён выразна паглядае на яго з-за вазонаў. Навошта ўсё гэта?

«I сапраўды, тут, на гэтай гардзіне, я, як пры штурме, загубіў жыццё. Няўжо? Як жахліва і як недарэчна! Гэтага не можа быць! Не можа быць, але ёсць».

Ён ішоў у кабінет, клаўся і зноў аставаўся адзін з ім. З вока на вока з ім, а рабіць з ім няма чаго. Толькі пазіраць на яго і халадзець.

VII

Як гэта сталася на трэцім месяцы хваробы Івана Ільіча, цяжка было сказаць, таму што рабілася крок за крокам, непрыкметна, але зрабілася тое, што і жонка, і дачка, і ягоны сын, і служанка, і знаёмыя, і дактары, і, галоўнае, ён сам — ведалі, што ўся цікавасць у ім для іншых толькі ў тым, ці хутка ён, нарэшце, вызваліць месца, вызваліць жывых ад цяжару свае прысутнасці ды і сам вызваліцца ад сваіх пакут.