Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 115

Леў Мікалаевіч Талстой

I ён прыгадвае грошы, краму, дом, пакупкі, продажы і мільёны Міронавых; яму цяжка зразумець, навошта гэты чалавек, якога звалі Васілём Брахуновым, займаўся ўсім тым, чым ён займаўся. «Ну што, ён жа не ведаў, што да чаго,— думае ён пра Васіля Брахунова.— Не ведаў, дык цяпер ведаю. Цяпер ужо без памылкі. Цяпер ведаю». I зноў чуе ён голас таго, хто ўжо гукаў яго. «Іду, іду!» — радасна, з замілаваннем кажа ўся ягоная істота. I ён адчувае, што ён вольны і нішто ўжо болей яго не трымае.

I больш ужо нічога не бачыў і не чуў і не адчуваў на гэтым свеце Васіль Андрэевіч.

Вакол усё гэтак жа мяло. Тыя ж снежныя віхуры круцілі, засыпалі футра мёртвага Васіля Андрэевіча, і ўсяго Гнядога, які калаціўся пад ветрам, і ледзь прыкметныя ўжо сані, і ў глыбіні іх Мікіту, які, добра ўгрэўшыся, ляжаў пад мёртвым ужо гаспадаром.

X

На світанні прачнуўся Мікіта. Разбудзіў яго зноў холад, які пачаў праймаць ягоную спіну. Прыснілася яму, што ён едзе з млына на возе з гаспадарскаю мукою і, пераязджаючы цераз ручай, скіраваў міма моста і заграз з возам. I бачыць ён, што ён падлез пад воз і падымае яго, выпростваючы спіну. Але дзіўная справа! Воз ні з месца, прыліпнуў да ягонае спіны, і ён не можа ні падняць воза, ні скінуць яго з сябе. Усю паясніцу раздушыла. Ды і халодны ж! Мусіць, выбірацца трэба. «Хопіць ужо,— кажа ён некаму, хто душыць яго возам.— Здымай мяхі!» Але халодны воз усё мацней душыць яго. Раптам штосьці моцна стукае, і ён канчаткова прачынаецца і ўсё ўспамінае. Халодны воз — гэта мёртвы гаспадар, які ляжыць на ім. А стукнуў моцна Гняды, выцяўшы двойчы капытом сані.

— Андрэевіч, чуеш, Андрэевіч! — асцярожна, прадчуваючы ўжо няшчасце, падаў голас Мікіта і напружыў спіну.

Аднак Андрэевіч не адгукаецца, і жывот яго і ногі — моцныя і халодныя і цяжкія, як гіры.

«Сканаў, мусіць. Царства нябеснае!» — думае Мікіта.

Ён паварочвае галаву, адграбае перад сабою снег рукой і расплюшчвае вочы. Светла; гэтак жа свішча вецер у аглоблях, і гэтак жа сыпле снег, з той толькі розніцай, што ўжо не сячэ па лубку саней, а бязгучна засыпае сані і каня ўсё вышэй і вышэй, і ні руху, ні дыхання каня не чуваць болей. «Замерз, відаць, і ён»,— думае Мікіта пра Гнядога. I сапраўды, тыя ўдары капытоў па санях, якія разбудзілі Мікіту, былі перадсмяротныя намаганні ўтрымацца на нагах ужо зусім застылага Гнядога.

«Божачка, бацюхна, напэўна і мяне завеш,— кажа сабе Мікіта.— Твая святая воля. А жудасна. Ну, але дзвюм смярцям не быць, а адной не мінуць. Толькі б хутчэй...» I ён зноў хавае руку, заплюшчвае вочы і забываецца, амаль упэўнены, што цяпер ён ужо, мусіць, і зусім памірае.