Читать «Санеты Арфею» онлайн - страница 27

Райнэр Марыя Рыльке

ЧАЦВЁРТАЯ ЭЛЕГІЯ

О дрэвы жыццяў, колькі да зімы вам? Мы раз’яднаны. Мы не птушкі пера- лётныя. Мы вельмі позна кідаем сябе на вецер, падаем пасля на роўнядзь сажалкі бязвольна. Мы і цвіцём і вянем адначасна. А недзе львы жывуць і пра бяссілле, пакуль магутныя, не хочуць ведаць. А мы павінны, прагнучы з’яднання, даніну ўсім плаціць. Варожасць нам бліжэй. Бо закаханыя — і тыя ў любові межы знаюць, хоць прасторы, свабодных ловаў і радзімы прагнуць. Эскіз імгнення звыкла мы ўспрымаем на фоне процілегласцяў і цяжка нам бачыць гэта; бо тут ясна ўсё. Бо мы абрысаў пачуцця не бачым, а толькі абалонку фармавання. Хто не сядзеў перад заслонай сэрца, нібы ў тэатры, баязліва, ціха: і дэкарацыяй была разлука! Няцяжка зразумець. Знаёмы сад, павевы ветру, малады танцоўшчык. Не гой. Даволі. Грым — не дапаможа, пераадзетага пазнаеш мешчаніна, які ў жытло праз чорны ход ідзе. Шт маска гэтая пустая! Лепш! — мне лялька. Бо напоўнена яна. Прыемней бачыць мне марыянетку, і ніткі, і трысцё ў руках актора альбо ў маіх. Я тут, я перад сцэнай. Хай тухнуць рампы і няхай мне скажуць: «Усё, закончана», няхай на сцэну пустэча выйдзе шэрым скразпяком — няхай мяне самотнага пакінуць мае нямыя прашчуры, жанчына і нават любы вірлавокі хлопчык — я застаюся на спектаклі, тут. Няпраўда? Ты, хто праз мяне зазнаў жыццёвай горычы, мой бацька, ты, хто ў мой пагляд дапытліва ўзіраўся, хто піў настой павіннасцей маіх, пакуль я рос і прыйшласць смакаваў, ты, бацька мёртвы той, хто гэтак часта сярод падзей маіх лунаў трывожна, хто кожны міг адмовіцца гатовы ад абыякавасці — скарбу мёртвых, дзеля крупінкі лепшай долі сыну,— скажы: ці праўда? I скажыце вы, хто мне дарыў сваю любоў заўсёды, каго і я пачаў любіць патроху, хоць забываў пасля, бо ў вашых тварах мне пачынала бачыцца прастора, сусветная прастора, у якой ужо не бачыў вас... I я чакаю на лялечным памосце дзеі... Не, не чакаю — прагну ўбачыць, бо, каб увагу пільную спатоліць, між лялек выйдзе неўзабаве сам анёл і выступіць жывым акторам. Відовішча! — анёл і лялькі разам! Тады і ўключыць, можа, ён усё, што разлучае пас, у кругаверць падзей і змен і падначаліць там сабе ўсе поры года — і анёл пачне ігру сваю паказваць нам. Нябожчыкі павінны ведаць, што людскія справы — кволая зачэпка для ўчынкаў больш высокіх. Бо нічога тут першароднага няма. Дзяцінства, калі за рэчамі яшчэ было штось большае, чым проста час мінулы, а будучыні й зпаку не было, калі мы ўсе стараліся расці на ўцеху тым, хто, апрача сваёй даросласці, нічога больш не мае,— о вы, дзяцінства шчасныя гадзіны! Тады ў сваім самотным руху мы, здаволеныя цалкам існаваннем, стаялі паміж цацкаю і светам, на месцы тым, якое ад пачатку адведзена для чыстых парыванняў. А хто пакажа, дзе стаяць дзіцяці? Хто паміж зор яго паставіць, хто яго руцэ адлегласці даверыць? Хто вылепіць дзіцяці з хлеба смерць? Хто ў пухлы роцік зерне пакладзе з атручанага яблыка?.. Забойцу не цяжка зразумець. А смерць, яе, пранесеную праз жыццё ў сабе лагодна, ўсцешана,— і гэтай смерці не апісаць...