Читать «Прынц i жабрак» онлайн - страница 98

Марк Твэн

Гэты нязвычайны, эфэктоўны від зрабіў гэткае моцнае ўражаньне на грамадзян, што ўзрыў энтузыязму заглушыў голас хлопчыка, які павінен быў растлумачыць сэнс алегорыі ў хвалебных вершах. Але Том Канці не шкадаваў аб гэтым, таму што вернападданчая ўцеха была саладзей за музыку, прыямней за ўсялякую поэзію. Куды ён ні павяртаў свайго маладзенькага тварыку, усе дзівіліся падобнасьці патрэту дый зноў праляцеў віхар адабрэньняў і воклікаў.

Вялічавая працэсія ўсё больш пасоўвалася ўперад, спатыкаючы на шляху сваім грамаду трыумфальных аркаў, урачыстых і сымболічных абразоў, адбіваўшых розныя дабрадзействы, таленты альбо заслугі малалетняга караля. Па ўсім Чыпзайдзе з кожнае паветкі разьвяваліся сьцягі і значкі, дамы былі ўквечаны дарагімі дыванамі, матэрыямі і парчою, паказваўшымі багацьце мясцовых жыхароў; ня меншаю, калі ня большаю роскашшу адзначвалася дэкорацыя іншых вуліц.

„І ўсе гэтыя цуды, ўсе ўпрыгожаньні ў чэсьць мяне... ага мяне", думаў Том Канці.

Шчокі думаннага караля гарэлі ад узварушаньня, вочы зіхацелі; ён тануў у роскашы.

Раптам, у тую мінуту, як ён падняў руку, каб кінуць жменю монэт, яму кінуўся ў вочы белы перакрыўлены твар жанчыны, пралезшае наперад з астаўпелымі, неадрываўшыміся ад яго вачыма. Хваравітае засмучэньне заўладала ім — ён пазнаў сваю маці! Руку яго тузанула да вачэй, далоняй ад сябе — стары мімавольны жэст, пасьледзтва даўно запомненага няшчаснага здарэньня ў дзіцячыя гады. У той-жа міг жанчына рванулася ўперад цераз рады варты й кінулася да яго. Яна ахапіла яго нагу, пачала цалаваць яе і, галасіць'. "Маё дзіця, маё дарагое дзіця!" I ўпілася ў яго вачыма, поўнымі каханьня ды любасьці. Адзін з целаабаронцаў з лаянкай адцягнуў яе і даў ёй гэткага штурханца, што яна, хістаючыся, адскочыла назад. У Тома ўжо гатова было сарвацца: „Я ня знаю цябе, жанчына!" — як раптам гэта сумная акалічнасьць вывяла яго з труднаватага палажэньня. Аднак-жа яго кранула за жывое гэткае грубае абходжаньне з ёю. Перад тым, ак натаўп пасьпеў праглынуць няшчасную, яна адвярнулася і апошні раз на яго глянула; яна мела гэткі абражаны, забіты выгляд, што яго гордасьць павінна была згарэць ад сораму, ўкрадзеная веліч рассыпацца ў порах, а пышныя шаты і шык паказаліся яму гнілым рызьзём ды тандэтнымі штучкамі.

А працэсія ўсё йшла ўперад ды ўперад, сярод узрастаўшае пыхі і разгараўшайся буры прывітаньняў, але для Тома Канці ўсё гэта як бы й не істнавала. Ён нічога ня бачыў, нічога ня чуў. Прайшла ўся радасьць і асалода, урачыстасьць зрабілася як-бы дакорам. „Ах, Божанька, калі-б я мог вызваліцца з няволі!" праляцела ў яго ў галаве.

Ён ізноў прыпомніў словы, якія неаднакроць паўтараў у першыя дні свае нявольнае вялікасьці.