Читать «Прынц i жабрак» онлайн - страница 100
Марк Твэн
Гадзіны йдуць досіць марудна. Усялякі рух спыніўся, таму што памешканьне саўсім перапоўнена. Цяпер мы можам сесьці і, ад няма чаго рабіць, тое-сёе разглядзець. Перад намі, куды ні глянеш, адкрываюцца ў паўцемры часьці галерэяў і бальконаў, усеяных гледзячамі; другія заслонены колённамі і выступамі. Відаць таксама ўсю вялізную паўночную галерэю — пакуль што, яшчэ незанятую ўпрывілеёванаю публікаю, для якой была прызначана. Шырокая пляцформа, засланая багатымі тканінамі, — уся, як на далоні; пасярэдзіне месьціцца пасад, на ўзвышэньні, да якога вядуць чатыры ступенькі. У сяджэньне пасаду ўстаўлена пліта неабчэсанага каменя — Сконскі камень, — на якім садзілася грамада пакаленьняў шотляндзкіх каралёў пры ўрачыстасьці каранаваньня, і з бегам часу ён быў высьвечаны для тае самае мэты ангельскімі монархамі. Пасад і падножжа ўкрыты залатою парчою.
Навокал ціша, факелы цьмяна мігцяць, час памаленечку йдзе. Але, вось, пачынае сьвітаць, агні пагашаны і мягкае ранешняе сьвятло запаўняе ўвесь прастор сабору. Цяпер можна бачыць формы вялічавага будынку, праўда, ня досіць ясныя, ахіненыя туманам, таму што сонца яшчэ ня выглянула з-за воблакаў.
А сёмай гадзіне першы раз нарушаецца санлівая манатоннасьць: першая знатная дама зьяўляецца на залі, апраненая, як Салямон у славе сваёй; прыдворны ўвесь у машасьце і ў шоўку, праводжвае яе да яе месца, а другі, якраз гэтак-жа сама, апранены, падбірае даўгі шлейф, і калі лэді сядае, дык ён кладзе ёй шлейф на калены; затым ставіць пад ногі ўслончык і зьмяшчае каронку ў выгаднае месца, каб зручна было дастаць яе, калі надайдзе мінута дзеля адначаснага ўзлажэньня каронаў на галовы ўсіх вяльможаў.
Тымчасам жонкі пэраў зьяўляюцца адна за аднэй, блішчастым ланцугом, а царадворцы бегаюць і снуюць, садзячы і прыстройваючы іх. Сцэна пачынае ажываць. Усюды рух і жыцьцё, ўсюды пярэстасьць. Крыху пачакаўшы, ізноў запаноўвае ціша; ўсе знатныя дамы зьехаліся, ўсе пазаймалі свае месцы — вялізны квятнік, яскравы й пярэсты, ўсеяны брылянтамі, быццам Малочны Шлях — зорамі. Тут усе вякі ў зборцы: жоўтыя, зморшчаныя, сівавалосыя ўдовы, якія памятаюць яшчэ каранацыю Рычарда ІІІ і смутныя старадаўныя часы, відныя дамы сярэдніх гадоў, грацыёзныя маладыя жанчыны, харошанькія дзяўчаты з бліскучымі вачыма і сьвежым колерам твару. Яны, яшчэ можа быць, і не патрапяць налажыць сваіх каронак, калі надайдзе ўрачысты момант, з прычыны неспакойства, дзеля таго, што выпадак для іх новы. Але, магчыма, што й справяцца са сваёю задачаю, таму што прычоска ўва ўсіх сумысьля гэтак прырыхтована, што ня цяжка ўмацаваць карону, як толькі даны будзе знак.
Мы бачылі, як зіхацела брылянтамі нялічаная грамада дамаў, і не змаглі ўтрымацца, каб ня выказаць зьдзіўленьня. Але, вось, перад намі штосьці сапраўды нязвычайнае. Гадзіны каля дзевятае хмары расплываюцца, сонцаў прамень ўрываецца ў цемнаваты будынак і аблятае па бліскучых радох дамаў, запальваючы шматколерныя агні асьляпляльнага бліску. Нявольна ўздрыгваешся, як ад электрычнае струі, бачачы гэткі эфэкт. Але, вось, сярод іншых чужаземных паслоў у сонечную паласу ўваходзіць і прадстаўнік нейкае дзяржавы далёкага ўсходу. Усім займае дух: зьяньне, што мігцячы льецца вакол яго — непераможнае, ён з галавы да ног усеяны брылянтамі і падчас найменшага руху яго рассыпаецца цэлы дождж іскраў.