Читать «Прынц i жабрак» онлайн - страница 97

Марк Твэн

У Фэнчэрн-стрыце „харошанькі хлопчык ў прыгожай вопратцы", стоячы на эстрадзе, вершамі вітаў яго вялікасьць ад імя гораду.

Народ загрымеў радаснымі крыкамі і ў адзін голас паўтараў апошнія словы дзіцяці. Том Канці глядзеў на хваляваўшае мора радасных твараў, і сэрца яго радасна трапясталася; калі каму варта жыць на гэтым сьвеце, думалася яму, дык толькі каралю, куміру ўсяе нацыі. Раптам ён заўважыў у натаўпе, ў некаторым аддаленьні двух офаль-корцкіх абадраных таварышоў сваіх — быўшага лёрда-адмірала пры яго фантастычным дварэ, а таксама першага лёрда адпачывальні. Сэрца яго напоўніла гордасьць. О, калі-б яны цяпер маглі пазнаць яго! Якая нясказаная радасьць ахапіла-б іх, калі-б яны маглі пазнаць яго і перакананца, што пацешны кароль нораў і задворкаў, з якога ўсе сьмяяліся, зрабіўся сапраўдным каралём, што яму прыслужваюць бліскучыя гэрцогі ды князі, што ўвесь ангельскі народ каля ног яго. Але гэткае прызнаньне каштавала-б яму дорага; дзеля гэтага ён стрымаўся і, адвярнуўшыся ў бок, даў волю цешыцца й радавацца абодвум абарванцам і не падазраваўшым, у чэсьць каго яны гэтак стараюцца.

Час-ад-часу Том кідаў прыгаршчы новенькіх монэт у натаўп.

Летапісец, паміж іншым, расказвае вось што: „У канцы Грэйсчэрч-стрыт горад пабудаваў грандыёзную трыумфальную арку, пад якою на ўсю шырыню вуліцы, збудованы былі падмосткі, а на іх пастаўлены быў вялікі гістарычны абраз, паказваўшы найбліжэйшых прэдкаў Адварда VІ. Унізе сярод лісьцейкаў вялізнае рожы, відаць было бюст Альжбеты Іоркскае, а з боку Гэнры VII выступаў з чырвонае рожы; рукі каралеўскае пары спатыкаліся і на іх кідаліся ў вочы шлюбныя пярсьцёнкі. Ад гэтых рожаў паднімалася сьцябло да другога ярусу дзеравянных падробак, дзе, ў другой рожы, напалову белай, а напалову чырвонай, знаходзіліся патрэты Гэнры VIII, і побач — маці цяперашняга карэля, Ганны Сэймур. Яшчэ адно сьцябло ішло ад апошняе рожы да трэцяга ярусу і тут якраз зьмяшчаўся патрэт самога Адварда VI, на пасадзе, ў царскай велічы. Увесь абраз быў абцягнены гірляндамі з белых і чырвоных рожаў.