Читать «Прынц i жабрак» онлайн

Марк Твэн

Марк Твэн

Прынц i жабрак

Ад аўтора

Я вылажу вам у сваёй кнізе повесьць у гэткім выглядзе, у якім яна расказана была мне чалавекам, чуўшым яе ад свайго бацькі, які, ізноў-жа ў сваю чаргу, чуў яе ад свайго бацькі, і гэтак далей. Больш як трыста гадоў расказ пераходзіў ад бацькоў да сыноў, з пакаленьня ў пакаленьне, і гэткім спосабам захаваўся да нашых дзён. Зьмест яго, быць можа, й гістарычны факт, а мо' — толькі легэнда, паданьне. Ці сапраўды здарылася тое, што апісана, ці не — цяжка сказаць; але яно магло здарыцца. Вельмі магчыма, што навет мудрацы й кніжнікі даўней верылі ў гэту гісторыю, а можа толькі цёмны, просты народ любіў яе і даваў ёй веру.

У ласцы ёсьць багаслаўленьне

Падвойнае: яна багаслаўляе

Тых, што даюць і што бяруць яе.

Дужэй за ўсё яна ў руках у дужых;

Яна — царом прыстойней за карону.

Шэксьпір. «Вэнэцыянскі купец»

Разьдзел I. Нараджэньне прынца й нараджэньне жабрака.

У другой чэцьверці шаснаццатага сталецьця, ў васеньні дзень, у старой часьці Лёндану, нарадзіўся хлопчык у беднай дружыне Канці, — і быў ён для яе далёка не пажаданым гасьцём. У той-жа самы дзень другі хлопчык нарадзіўся ў багатай ангельскай дружыне Цюдораў, для якое ён зьяўляўся даўно жаданым. Уся Англія чакала яго зьяўленьня на сьвет Божы, ўсе надзеі й жаданьні народу спачывалі на ім, усе малілі Бога аб дараваньні яго, так што цяпер, калі ён радзіўся, народ не памятаў сябе з радасьці. Простыя знаёмыя, пры спатканьні, са сьлязьмі абнімаліся й цалаваліся. Усіх ахапіў урачысты настрой; знатныя й простыя, багатыя й бедныя сьвяткавалі здарэньне з пяяньнем і скокамі і былі падвесяліўшыся, — і цягнулася гэта некалькі дзён і ночаў. Удзень Лёндан выяўляў цікавы абраз — з бальконаў і стрэхаў весела павявалі сьцягі, па вуліцах ішлі цэрэмоніяльныя працэсіі. Уночы абраз быў таксама ня меней цікавым, пры сьвятле вялікіх агнёў, каля якіх зьбіраліся падгуляўшыя натаўпы народу. Толькі й гутарка была ўва ўсёй Англіі аб высоканароджаным, Адвардзе Цюдоры, прынцу Уэльскім, які адпачываў, далікатненька спавіты ў шоўк і машаст, у шчасьлівым няведаньні ўсяго гармідару й таго, што знатныя вяльможы дбалі аб ім. Але ніхто не сказаў а ні слова пра іншага хлопчыка, пра завінутага ў рызьзё Тома Канці, апрача хіба яго бацькоў, якія вельмі сумавалі, што ён нарадзіўся.

Разьдзел II. Дзіцячыя гады Тома.

Прайшло некалькі гадоў. Лёндан налічваў з лішкаю пятнаццаць сталецьцяў істнаваньня і быў вядомы паводлуг таго часу, як вялікае места; насяленьне яго даходзіла да сту тысячаў чалавек, — а шмат хто прыпушчае, што было ў два разы большым. Вуліцы былі надта-ж вузкія, крывыя і гразкія, асабліва ў той часьці, дзе жыў Том Канці, недалёка ад Лёнданскага мосту. Хаты будаваліся дзеравяныя, другі паверх шырока выперачаўся над першым, а трэці гэтак сама абвісаў над другім, — адным словам, плошча вышэйшых паверхаў усё шырэла. Зрубы з моцных, накрыж зложаных, бярвеньняў выкладваліся моцным матар'ялам, які абтынкоўваўся. Бэлькі фарбаваліся ў чырвоны, сіні, або чорны колер, гледзячы па смаку домаўласьніка, што прыдавала будынкам маляўнічы выгляд. Вокны былі невялікія з масаю шыбак, з рамамі на петлях, і адчыняліся надвор, як і дзьверы.