Читать «Прынц i жабрак» онлайн - страница 9

Марк Твэн

Хлопчыкі пакінулі гульні і стоўпіліся вакола прынца.

— Дзеці, — загаварыў ён з прыроджанай дастойнасьцю, — скажэце вашаму начальніку, што прынц Адварды Уэльскі хоча з ім гаварыць.

— Слухай, жабрачок, ужо-ж ці не пасланец ты яго высокасьці?

Твар прынца загарэўся гневам, рука яго машынальна спусьцілася да боку, — але меча ня было. Разьлёгся рогат.

— Заўважыў ты? — сказаў адзін хлопчык. — Ён падумаў, што ў яго шпага... Як відаць, дык сам ён і ёсьць прынц.

Гэта выклікала яшчэ большы сьмех. Бедны Адварды горда выстраіўся і загаварыў:

Я прынц; нягожа вам, што корміцеся праз міласьць бацькі майго, гэтак абходзіцца са мною.

Заява гэтая, як сьведчыў гучны сьмех, паказалася вельмі забаўнаю.

Хлопец, загаварыўшы першым, закрычаў сваім таварышом:

— Гэй, вы, сьвіньні, рабы, нахлебнікі царственнага таты яго міласьці, што гэта за абхаджэньне. Зараз усе на калены, схілеце галовы перад яго каралеўскім выглядам ды царскімі лахманамі!

З гучнай веселасьцю яны ўсе ўкленчылі, рассыпаючыся ў насьмешлівых знакох пашаны перад сваею ахвяраю. Прынц штурхануў нагою бліжэйшага хлопчыка і злосна сказаў:

— Вось табе, пакуль што, а заўтра ты будзеш павешаны.

Гэта ўжо пераходзіла за межы жарту. Сьмех адразу сьціх, зьмяніўшыся на шаленства. Тузін галасоў закрычаў:

— Цягні яго ў ваду, да конскага вадапою! Гэй, дзе сабакі? Сюды, Леў! Сюды, Фангс!

Тут адбылася гэткая сцэна, якой Англія яшчэ ніколі ня бачыла: сьвятарная асоба насьледніка пасаду дастала пабоі з боку чэрні, напаўшай на яго й нацкаваўшай сабакамі.

Калі ноч палажыла канец нешчасьліваму дню, прынц апынуўся далёка, ў густа забудованай часьці места. Цела яго было ў сінякох, рукі ў крыві, а рызьзё ў гразі. Ён бадзяўся то ўзад, то ўперад, злосьць душыла яго, ён адчуваў гэткую змогу і слабасьць, што ледзь валачыў ногі. Ён пакінуў ужо зьвяртацца з пытаньнямі да праходзіўшых, таму што, замест парады, з іхняга боку йшлі толькі крыўды. Ён мармытаў паціху: „Офаль-Корт — гэтакі назоў вуліцы; калі знайду яе, раней, чымся прападуць мае сілы і ўпаду ў зьнямозе, тады я выратаваны; Томавы бацькі адвядуць мяне ў палац і пакажуць, што я ня іхні сын, а сапраўдны прынц, і тады я ізноў займу сваё палажэньне". Часамі думка яго вярталася да грубых прытулковых хлопчыкаў, да іх благога абходжаньня і ён сказаў сабе: „Як я буду каралём, дык ня толькі дам ім хлеб і прытулішча, але й прымушу іх вучыцца; бо не даволі яшчэ набіць жывот, а галаву й сэрца пакідаць бяз стравы. Я пастараюся захаваць гэта ў памяці, каб сягоньняшняя лекцыя не прайшла для мяне дарма і каб ад гэтага не пацярпеў мой народ, бо навука мягчыць характары і параджае рахманасьць і міласэрдзе".