Читать «Прынц i жабрак» онлайн - страница 7

Марк Твэн

— Ня ведаю, сэр. Добры сьвяшчэньнік, айцец Андр'ю, з літасьці, вучыў мяне.

— Палаціне ўмееш?

— Крышачку, сэр.

— Вучыся лаціны: толькі спачатку цяжка. Грэцкая мова цяжэйшая; але для лэді Ажбеты й мае кузыны, здаецца, што ні гэтыя мовы, ні іншыя ня цяжкія. Паслухаў-бы ты іх. Аднак-жа, раскажы мне што-нібудзь пра твой Офаль-Корт. Як табе там жывецца?

— Праўду кажучы, няблага, сэр, апрача тых выпадкаў, калі бываеш галодным. Там паказваюцца выпускныя лялькі, малпы... і розныя цацачкі, і ўсе яны гэтак хораша апранены !... Ладзяцца прадстаўленьні, ў якіх дзейныя марыянэткі з крыкам кідаюцца адна на адну і бьюцца датуль, пакуль адна старана ня будзе пераможана, — гэткая прыгожая сцэна, і каштуе ўсяго толькі фарсінг... Праўда, вашая сьветласьць, вельмі цяжка дастаецца гэты фарсінг.

— Расказвай далей.

Іншы раз хлопчыкі Офаль-Корту ладзяць палачныя бітвы, падобна да падмайстроў.

— Вось-жа і я не адмовіўся-б. Пасьля?

— Мы бегаем навыперадкі, каб ведаць, хто з нас хіжэйшы.

— I я хацеў-бы. Ну, далей!

— Улетку мы перабрыдаем каналы, плаваем у іх або ў рацэ; кожны стараецца страмянуць у ваду свайго суседа, альбо абпырскаць яго... даем нурца, гамонім, куляемся і...

— Я, дык пэўна ўсё царства аддаў-бы, каб толькі раз гэтак пашурмаваць. Расказвай-жа далей, калі ласка.

— У Мэйполі, ў Чыпзайдзе, мы скачам і пяём, гуляем у пяску, абсыпаючы адзін аднаго; часам робім пірагі з гразі, — о, цудоўная гразь, няма нічога прыямнейшага ў сьвеце! Мы слаўна валяемся ў гразі, — хай даруе мне сэр.

— О, калі ласка, гэта цудоўна! Калі-б я мог апрануць гэткую вопратку, як твая, разуцца ды пагуляць па гразі хоць раз, так, каб не дастаць нагонкі, дык мне здаецца, я гатоў быў-бы адмовіцца ад кароны.

— А калі-б я мог хоць раз апрануцца, як ты, ўсяго толькі раз...

— Ого, ты гэтага хацеў-бы? Хай будзе так. Скідай свае лахманы і апранай гэту адзежу. Шчасьце тваё будзе кароткае; але затое тым мацней ты адчуеш яго. Мы застанёмся нейкі час у новых касьцюмах і пасьля ізноў памяняемся імі, перш чым хто-нібудзь увайдзе да нас.

Праз некалькі мінут прынц Уэльскі быў у рызьзі Тома, а маленькі прынц жабрацтва апрануў пышныя каралеўскія шаты. Абодва падыйшлі да вялікага люстра, сталі ўпоруч — і, ой цуды! Здавалася, што ніякага пераапрананьня й не адбылося. Яны з зацікаўленьнем паглядзелі адзін на аднаго, пасьля на люстра, пасьля йзноў адзін на аднаго. Нарэшце, зьдзіўлены прынц сказаў:

— Што скажаш ты на гэта?

— Ах, вашая сьветласьць, ня сьмею... Нельга, пры маім палажэньні, выказваць падобныя рэчы.

— Тады я скажу. У цябе якраз гэткія самыя валасы, як і ў мяне, гэткія самыя вочы, голас, манеры, фігура, твар, постаць. Калі нас распрануць, дык нікто ня зможа адрозьніць цябе ад прынца Уэльскага. Цяпер-жа, апранены ў тваю адзежу, я, як мне здаецца, магу лепей пачуваць тое, што пачуваў ты, калі грубы салдат... Слухай, ці ня сіняк гэта ў цябе на руцэ?

— Так, але гэта нічога, а вашая сьветласьць ведае, што бедны вартаўнік..

— Маўчы! Гэта быў сорамны й жорсткі паступак, — сказаў маленькі прынц, тупнуўшы босаю нагою. — Калі-б кароль... Ні шагу адсюль, пакуль я не вярнуся... Прыказваю табе!