Читать «Прынц i жабрак» онлайн - страница 8
Марк Твэн
У мігненьне вока ён схапіў і схаваў нейкую рэч дзяржаўнае важнасьці, ляжаўшую на стале, і, выскачыўшы з дзьвярэй, пусьціўся бегчы цераз парк; яго лахманы лапацелі, твар разгарэўся і вочы блішчалі. Дабегшы да брамы, ён схапіўся за краты і, прабуючы патрасьці іх, закрычаў:
— Адчыняй! Адамкні браму!
Салдат, скрыўдзіўшы Тома, бесьпярэчна слухаў, і калі прынц, заходзячыся ад гневу, ступіў у браму, салдат заляпіў яму па патыліцы, ад чаго ён кумельганам пакаціўся па дарозе.
— Вось табе, жабрацкі зносак, — сказаў ён, — за тое, што мне праз цябе ўляцела ад яго высокасьці!
Натаўп зарагатаў. Прынц падняўся з лужы і зносна крыкнуў на вартаўніка :
— Я прынц Уэльскі, мая асоба сьвятарна; ты будзеш павешаны за тое, што падняў руку на мяне!
Салдат аддаў чэсьць алебардаю і насьмешліва адказаў:
— Добрага здароўя, ваша высокасьць!
Пасьля дадаў злосна:
— Выбірайся, звар'яцелы абарванец!
Тут рагатаўшы натаўп абступіў беднага маленькага прынца і пагнаў яго далёка па дарозе з піскам і крыкам:
— Дарогу яго каралеўскай высокасьці. Ачысьціць дарогу прынцу Уэльскаму!
Разьдзел IV. Пачатак прынцавых няшчасьцяў.
Пасьля некалькіх гадзін упартага прасьледаваньня, натаўп, нарэшце, пакінуў маленькага прынца. Пакуль ён яшчэ ў сіле быў выказваць свой гнеў чэрні, гразіць ёй сваею каралеўскаю расправаю ды прыказваць, — што вельмі сьмяшыла яе, — ён здаваўся ўсім гэтым гультаём вельмі забаўным; але калі змога прымусіла яго сьціхнуць, дык ён страціў усякую цікавасьць для сваіх катаў, і яны пайшлі шукаць веселасьці ў іншым месцы. Прынц аглянуўся навокал, але ня мог пазнаць мясцовасьці. Ён быў за мяжою Лёндану — вось і ўсё, што яму было вядома. Ён бязмэтна ішоў наперад; у хуткім часе дамы пачалі радзець і падарожныя трапляліся рэдка. Ён ступіў акрываўленымі нагамі ў ручай, бруіўшы там, дзе цяпер Фарынгдон-Стрыт; застаўся ў вадзе некалькі мінут, пасьля ізноў пусьціўся ў дарогу і, нарэшце, апынуўся на шырокім пляцы з крыхаю раскіданых дамоў і вялікай цэркваю. Ён пазнаў цэркву. З усіх бакоў яе стаяла рыштаваньне і па ім поўзала грамада работнікаў — ішоў рэмонт сьвятыні. Прынц сабраўся з духам, у надзеі, што няшчасьцям яго надыйшоў канец. „Гэта старая францішканская цэрква", загаварыў ён, „яе, бацька мой, кароль, адабраў ад манахаў і перавярнуў у прытулак для бедных і пакіненых дзяцей, назваўшы яго Хрыстовым домам. Бязумоўна, ахвотна яны прыслужацца сыну таго, хто гэтак велікадушна абышоўся з імі, тым болей, што сын гэты ў цяперашні мамэнт гэтак бедны й пакінены ўсімі, як хаця хто з сіротаў, якія знайшлі ці знайдуць тутака страху".
Хутка ён апынуўся ў натаўпе хлопчыкаў, бегаўшых, дзыгаўшых, гуляўшых у мячык і чыхарду, — проста кажучы рабіўшых забаўкі на розныя лады, й даволі гучна. Усе яны былі апранены аднолькава, паводлуг моды, якая ў той час пераважала сярод слугаў ды падмайстроў: у кожнага на галоўцы была шапачка велічыні са сподачак, якая не выдзялялася ні далікатнасьцю, ні практычнасьцю, з прычыны недахвату ў разьмеры сваім; з-пад яе валасы йшлі нерасчэсанымі, да паловы лоба, дзе роўна падстрыгаліся паўколам; шыю абнімаў гэткі самы каўнер, як у асобаў духоўнага стану; пасьля сіні каптанік, шчыльна аблягаўшы фігуру й даходзіўшы да кален і ніжэй, шырокія рукавы, шырокі чырвоны пояс, ясна-жоўтыя панчошкі, перацягненыя падвязкамі вышэй калена, і, нарэшце, мелкія башмачкі з вялікімі мэталічнымі спражкамі. Агулам касьцюм гэты быў досіць нехарозным.