Читать «Прынц i жабрак» онлайн - страница 71

Марк Твэн

— Ужо даўно за поўнач, — сказаў ён, — блага, калі ён пачне крычаць ды здарыцца падарожны.

Ён ціханька соўваўся з кутка ў куток, падбіраючы дзе ганучку, дзе вяроўку, дзе рамушок; пасьля, тоячыся, падыйшоў да караля і ўхітрыўся гэтак асьцярожна зьвязаць яму ногі, што навет ня збудзіў яго. Ён прабаваў зьвязаць і рукі, скрыжаваўшы іх, але кожны раз, як рыхтаваўся пусьціць у ход вяроўку, хлопчык адрываў то адну, то другую руку; нарэшце, калі архангел ужо згубіў веру ўва ўдачу задуманае справы, кароль сам злажыў на грудзёх рукі, і ў тую-ж мінуту яны былі зьвязаны. Пасьля гэтага ён падвёў павязку пад падбародак спаўшага і моцна завязаў яе на цемі ды так ціха і асьцярожна, што той ніразу не варухнуўся і спакойна спаў сабе далей.

Разьдзел XXI. Гэндон сьпяшаецца на выручку.

Старык адыйшоў, скурчыўшыся і тоячыся, як котка, прынёс нізкі зэдлік і сеў; яго фігура напалову была асьветлена цьмяным, мігацеўшым сьвятлом, напалову зьнікала ў цені. Ня спушчаючы жываедных вачэй са спаўшага хлопчыка, ён цярпліва бадрыўся, не заўважаючы, як ідзе час, усё паранейшаму пагостраваючы нож, мармычучы і пасьмехваючыся. Сваею павярхоўнасьцю і позаю ён быў падобны да вялікага шэрага павука, зжыраўшага вачыма няшчасную бясьсільную мушку, папаўшую да яго ў цянёты.

Пасьля таго, як прайшоў нейкі час, старык, усё яшчэ тупа глядзеўшы на сваю ахвяру, — нічога ня бачачы, адляцеўшы ўсваіх марах, — раптам заўважыў, што вочы хлопчыкавы расплюшчаны, шырока расплюшчаны і ўталоплены... ўталоплены, ў нямым жаху, на нож. Шатанская усьмешка сьлізганула па твары пустыньніка; не зьмяняючы свае позы і не пакідаючы свайго занятку, ён холадна спытаўся:

— Сын Гэнры Восьмага, ці маліўся ты?

Хлопчык бяз рады бічкаваўся ў сваіх путах; здушаны, глухі гук вырваўся са сьцісьненых пашчэнкаў. Пустыньнік сталкаваў гэты гук у сэнсе пацьвярджальнага адказу.

— Маліся йзноў. Чытай адходную!

Дрыготка прабегла па хлопчыкавым целе, твар памярцьвеў. Ізноў забічкаваўся ён, прабуючы вызваліцца, качаючыся і круцячыся; ён бічкаваўся як-мага, злосна, адчайна, але дарэмна. А дзівачны старык тымчасам усьмяхаўся, хістаў галавою ды саўсім спакойна вастрыў нож.

— Час дарагі, — цьвярдзіў ён, — мінуты твае палічаны. Чытай адходную!

Хлопчык адчайна застагнаў, пакінуў бічкавацца, замёр. Сьлёзы выступілі ў яго на вачох і пацяклі па шчоках; але гэта не кранула бясчулага старыка.

Пачынала сьвітаць. Заўважыўшы, што днее, пустыньнік прамовіў рашуча, з адценкам нэрвовае трывогі;

— Годзі мне, нацешыўся я даволі. Ноч праляцела гэтак хутка, як міг, але, ўсяго толькі міг. О, калі-б яна цягнулася цэлы год! Адродзьдзе сьвятаты, лепей заплюшч вочы, калі баішся...

Рэшты нельга было разабраць, таму што старык ізноў пачаў няясна мармытаць, стаўшы на калены перад стагнаўшым хлопчыкам, з нажом у руцэ.

Што гэта? Недалёка ад хацінкі пачуліся галасы — нож вываліўся з рук пустыньніка; ён пасьпешна накінуў аўчынку на хлопчыка і ўстаў, увесь дрыжучы ад страху. Гукі рабіліся болей яўнымі; пачуўся рэзкі, злосны гоман, удары, крыкі аб падмозе, нарэшце, шагі, што аддаляліся. У тую-ж мінуту нехта моцна пастукаў у дзьверы: