Читать «Прынц i жабрак» онлайн - страница 70
Марк Твэн
— Ты кароль? — спытаўся ён.
— Але, — сонна адказаў той.
— Які кароль?
— Ангельскі.
— Ангельскі? Значыцца Гэнры сканаў?
— Нажаль, так! Я яго сын.
Твар старога грозна пахмурнеў, ён са злоснай радасьцю пляснуў рукамі, пастаяў з мінуту, цяжка пераводзячы дух; пасьля спытаўся глухім голасам:
— А ці ведаеш ты, што гэта той самы, што пазбавіў нас страхі і пусьціў з торбаю?
Адказу ня было. Старык схіліўся над хлопчыкам, углядаючыся ў спакойны твар і прыслухваючыся да ціхага дыханьня.
— Ён сьпіць, сьпіць у глыбокім сьне.
Твар яго паясьнеў, але злосна-радаснае пачуцьцё адбівалася на ім. У гэту мінуту усьмешка асьвяціла рысы спаўшага хлопчыка.
— Ён у шчасьлівым няведаньні, — прашаптаў пустыньнік, і выйшаў. Ён на пальчыках пачаў хадзіць з кутка ў куток, нечага шукаючы; часам спыняўся і прыслухваўся, адварочваўся, кідаў быстры пагляд па пасьцель хлопчыка, і ўсё мармытаў, усё гурчаў нешта сабе пад нос. Нарэшце, ён знайшоў, што яму было патрэбна — стары, заіржавеўшы кухонны нож і брусок. Прадзёршыся на сваё ранейшае месца, каля агню, ён сеў і пачаў паціху вастрыць нож, перанейшаму мармычучы, чамкаючы, гаворачы сам з сабою. Вецер завываў вакол адзінотнае хаткі, таямнічыя начныя галасы даляталі з цёмнае далі. Са шчылінаў і норак на старога манаха пазіралі бліскучыя вочкі адважных пацукоў і мышэй, а ён рабіў сваю работу далей, нічога ня бачачы, цалком праглынуты аднэю думкаю.
Ад часу да часу ён працягваў вялікім пальцам па лязе нажа і, хістаючы галавою, задаволенна казаў:
— Цяпер востры, робіцца ўсё вастрэйшым.
Ён не заўважыў, як ляціць час, і спакойна рабіў сваю справу далей, заняты сваімі думамі, якія раскрываў асобнымі, нязьвязнымі фразамі.
— Бацька яго зрабіў нам шмат ліха, рашыў нас — і зыйшоў цяпер у агністае пекла... Але, проста ў цёмнае пекла. Ён уцёк ад нашай помсты — гэткая, значыцца, воля Божая, але, на тое воля Божая, мы не павінны маракаваць. Але не ўратаваўся ён ад пекла... Не, не ўратаваўся ад полымя — пажыральнага, бязьлітаснага, вечнага полымя.
І гэтак ён усё вастрыў свой нож, мармычучы й перарывіста, сіпла пасьмейваючыся.
— Бацька яго ўсё гэта нарабіў. Цяпер я толькі архангел, калі-б ня ён — быў-бы папаю!
Кароль варухнўўся. Пустыньнік паціху падскочыў да пасьцелі і, стаўшы на калены, схіліўся над распластованым целам з паднятым нажом у руцэ. Спаўшы ізноў варухнуўся; на міг вочы яго расплюшчыліся, але яны нічога ня выказвалі, нічога ня бачылі; у тую-ж мінуту яго спакойнае, мернае дыханьне пераканала старыка, што ён ізноў моцна заснуў. Пустыньнік яшчэ нейкі час прыглядаўся і прыслухваўся, застаючыся ўсё ў той-жа самай позе і ледзь дыхаючы; затым паволі спусьціў занесеную над каралём руку і, паўзучы, аддаліўся.