Читать «Прынц i жабрак» онлайн - страница 69
Марк Твэн
Старык, ня сьціхаючы хадзіць то ўзад, то ўперад, раптам панізіў голас і пачаў нешта мармытаць сабе пад нос. Кароль скарыстаўся гэтай акалічнасьцю, каб расказаць пра сваё гора, і, пад уплывам неспакойства і страху, гаварыў з натхненьнем і красамоўствам, але пустыньнік усё мармытаў далей, ня слухаючы яго. Пасьля ён падыйшоў да хлопчыка і шапнуў яму з многазначным выглядам:
— Ц-ц!.. Я адкрыю табе тайну.
Ён нахіліўся да самага яго вуха, але раптам спыніўся і пачаў прыслухвацца, пасьля на пальчыках падыйшоў да вакна, высунуў галаву, паглядзеў у цемру, ізноў вярнуўся тоячыся і, схіліўшыся над каралём, прагаварыў шэпчучы:
— Я — архангел.
Кароль увесь задрыжаў:
— Божа, лепей ужо мне было-б з бадзякамі застацца, — падумаў ён, — чымся трапіць у рукі вар'ята,
На твары хлопчыка адбіўся жах. Пустыньнік, тымчасам, гаварыў далей ціха і з гарачкаю:
— Бачу, ты адчуваеш, дзе знаходзішся. На чале тваім малітвенны страх. Няма чалавека, які-б пранікаўся ў гэтай атмосфэры такім пачуцьцём, бо тут ён бачыць Неба. У мігненьне вока я падлятаў угару і спушчаўся на зямлю. Я быў названы архангелам пяць гадоў назад, на гэтым самым месцы, — Бог паслаў ангелаў сваіх, каб абвясьціць мне вялікую міласьць. Іхняя прысутнасьць напоўніла гэту хацінку зорным сьвятлом... I яны сталі перада мною на калены, о, кароль! — але, яны ўпалі ніцьма, бо я быў магутнейшы за іх. Я паднімаўся ў неба й гутарыў з патрыярхамі. Вось, на крані маю руку... ня бойся — крані... Так... Дык ведай-жа, што чапаў руку, якую паціскалі Аўраам, Ісаак і Якуб. Я быў у залатых пакоях. я бачыў Бога тварам да твару.
Ён зрабіў паузу, каб прыдаць эфэкт сваёй прамове. Раптам твар яго зьмяніўся, ён падняўся і гнеўна з гарачкаю сказаў:
— Але, я архангел, усяго толькі архангел... тады як мог-бы быць папаю. Гэта чыстая праўда. Дваццаць гадоў назад мяне соннага акрыла вышэйшая праўда; так, мне рыхтаваўся папскі пасад — гэтак падабалася небу, але кароль зруйнаваў мой сьвяты манастыр і я, бедны, цёмны, слабы манах быў пушчаны з торбаю, пазбаўлены страхі і быўшага перада мною вялікага назначэньня.
Старык ізноў незразумела замармытаў і са злосьцю пачаў біць сябе кулакамі па лобе, з жахоўнымі пракляцьцямі, бесьперастанку паўтараючы:
— Вось чаму я толькі архангел, а мог быць папаю!
Бітую гадзіну цягнуўся яго прыпадак шаленства, а маленькі кароль сядзеў пры гэтым сам ня свой. Раптоўна шалёная няпрытомнасьць старыка скончылася, ён сьцішыўся, сьпусьціўся з вобалакаў, у якіх лятаў, і пачаў плясьці аб розных рознасьцях гэтак проста і чалавечна, што хутка заўладаў сымпатыяю хлопчыка. Пустыньнік пасадзіў яго бліжэй да агню, устроіў выгадней, асыцярожна памазаў масьцю сінякі і абдзёртыя месцы на яго целе. Пасьля ён заняўся рыхтаваньнем вячэры, увесь час ласкава гаворачы, час-ад-часу гладзячы хлопчыка то па шчацэ, то па галоўцы, з гэткай далікатнасьцю й ласкаю, што страх і ныткасьць, уроеныя яму архангелам, адразу-ж разьляцеліся, даўшы месца пашане й сымпатыі да добрага чалавека.
Гэткі шчасьлівы настрой цягнуўся падчас усяе вячэры. Пасьля малітвы перад крыжыкам, старык паклаў караля спаць у суседняй каморцы, ахінуў яго якнайцяплей і лепей, быццам далікатная маці, прылашчыў і, пажадаўшы яму добрага сну, вярнуўся ў свой пакойчык і пачаў мяшаць вуглі ў ямцы. Але вось ён задумаўся, некалькі разоў павёў рукою па лобе, як-бы прабуючы прыпомніць нешта, што высьлізнулася з памяці. Відочна гэта яму не ўдавалася. Ён устаў і кінуўся да свайго гасьця.