Читать «Прынц i жабрак» онлайн - страница 102
Марк Твэн
— Не прыдавайце значэньня — кароль ізноў занядужаў! Схапіць абарванца!
Яго загад быў-бы споўнены, але Том Канці тупнуў нагою і крыкнуў:
— Не чапаць яго! Ён — кароль!
Уся грамада спруцянела, ўва ўсіх абвісьлі рукі, ніхто не варухнуўся, ніхто ня вымавіў ні слова, ніхто ня ведаў, як быць, з чаго пачаць, да таго неспадзяваным і незразумелым было ўсё тое, што адбывалася. Пакуль глядзеўшыя разьбіраліся ў сваіх пачуцьцях, хлопчык ішоў уперад, з гордай постацьцю і пэўным выразам у вачох, пакуль ня ступіў на ўзвышэньне. Думанны кароль радасна кінуўся яму насустрэчу і, ўпаўшы на калены, прамовіў:
— О, гаспадару, пазволь беднаму Тому Канці першаму прысягнуць на вернасьць табе і сказаць: „Узлажы на сябе карону і прымі ўладу, якая належыць да цябе паводлуг права".
Грозныя вочы лёрда-протэктара спыніліся на прыйшоўшым хлопчыку; але зараз-жа выгляд яго твару зьмягчэў, даўшы месца нясказанаму зьдзіўленьню. Тая самая зьмена адбылася і з іншым'і царадворцамі. Яны паглядзелі адзін на аднаго і міма волі адступілі крыху назад. Ува ўсіх праляцела адна і тая самая думка: Якая дзіўная падобнасьць.
Зьбянтэжаны лёрд-протэктар з мінуту ці дзьве ня ведаў, што пачаць; пасьля сказаў з глыбокай пашанаю:
— Пазволь, сэр, задаць табе некалькі пытаньняў, якія...
— Гатоў адказваць, мілёрд.
Гэрцог задаў яму некалькі пытаньняў датычна двара, памёршага караля, прынца, прынцэсаў — хлопчык адказваў правільна, не заікаючыся. Ён апісаў парадныя залі палацу, апартамэнты памёршага караля і прынца Уэльскага.
— Дзіўна, страшэнна дзіўна, незразумела! — цьвярдзілі ўсе ў адно слова. Справа набірала іншага кірунку, надзеі Тома Канці мацнелі; але лёрд-протэктар памахаў галавою і сказаў:
— Гэта, сапраўды, дзіўна, але й наш кароль мог-бы гэтак-жа добра адказаць. Апошняя ўвага засмуціла Тома, надзеі ізноў пачалі пакідаць яго.
— Аднак-жа гэта яшчэ ня доказ, — дадаў протэктар.
Цяпер вецер моцна павеяў — толькі ня ў той бок, куды трэ' было, ён спагадаў таму, каб Том заграз на пасадзе, а законны пратэндэнт быў аднесены адкрытым жыцьцёвым морам. Лёрд Гэртфорд натужліва раскідаў розумам, памахваў галавою — няпрыемная думка заўзята навязвалася: „І для дзяржавы, і для нас небясьпечна пакінуць без разрашэньня гэткую загадку; яна можа пасяліць нязгоду і ўзварухнуць пасад". Ён адвярнуўся і загадаў:
— Сэр Томас, арыштаваць яго... Не, пачакайце!... Твар яго раптам паясьнеў, і ён паставіў пратэндэнту гэткае пытаньне:
— Дзе дзяржаўная пячатка? Рашы мне гэткую задачу — і канец справе; толькі прынц Уэльскі можа адказаць! Ня трудная штука, але ад яе залежыць лёс пасаду і дынастыі.
Праўду кажучы, гэта была шчасьлівая, ўдачная думка: ўсе прысутныя тут саноўнікі, маўкліва, згоднымі з гэтым паглядамі выказвалі сваё задаваленьне. Але, ніхто, апрача сапраўднага прынца, ня мог раскрыць тайны згубленьня вялікае дзяржаўнае пячаткі. Гэты бедны, маленечкі самазванец добра падмуштраваўся да экзамену, але тут ён сьсячэцца, тут ужо і супольнікі яго ня змогуць даць адказу. Вельмі добра, раскошна, трэба раз назаўсёды палажыць канец небясьпечнай гульне. I прыдворныя трохі памахвалі галовамі і ўнутрана ўсьмяхаліся, чакаючы, што дурны хлопчык зьбянтэжыцца і прызнаецца да свае віны. Аднак-жа, якое-ж было іхняе зьдзіўленьне, калі нічога падобнага ня здарылася, калі яны пачулі яго спакойны, рашучы адказ: