Читать «Прынц i жабрак» онлайн - страница 103

Марк Твэн

— Задача саўсім нятрудная.

Затым, ня доўга думаючы, ён адвярнуўся і аддаў загад з няпрымушанасьцю чалавека, прывыкшага загадраць.

— Мілёрд Сэнт-Джон, схадзеце ў мой кабінэт у палацы — ніхто лепей за вас не знаёмы з ім; тамака, ў левым кутку, што далей ад уваходных дзьвярэй, каля самае падлогі вы знайдзеце ў сьцяне медны гузік; націсьніце яго і выскачыць маленькая патайная скрыначка; аб ёй ня толькі вам невядома, але нікому на сьвеце, апрача мяне і пэўнага майстра, устроіўшага яе. Там ляжыць вялікая дзяржаўная пячатка. Прынясеце яе сюды.

Усё сабраньне адразу далося пры гэтых словах, і яшчэ болей зьдзівілася, калі маленечкі прынц паказаў на пазванага пэра бяз ніякага хістаньня ці небясьпекі памыліцца, з гэткім спакойным, пэўным выглядам, як быццам змалку знаў яго. Зьбянтэжаны лёрд Сэнт-Джон ледзь што не паслухаў, ён навет зрабіў рух, каб пайсьці выпаўніць даручэньне, але апамятаўся і, крыху зачырванеўшыся, прыняў ранейшы спакойны выгляд. Том Канці голасна зьвярнуўся да яго:

— Чаго марудзіце? Хіба ня чулі загаду караля? Ідзеце!

Лёрд Сэнт-Джон нізка пакланіўся — усе заўважылі, што паклон быў надта тонкі, дзеля таго, што і кароль і пратэндэнт маглі аднолькава прыняць яго на свой рахунак — і выйшаў.

Цяпер у бліскучай групе прыдворных пачуўся рух — марудны, ледзь заметны, але ўпарты, падхільны — рух, які можна прасачыць пры пакручваньні калейдаскопу, калі яркія часьці аднае фігуры распадаюцца, творачы новую. У даным выпадку новым цэнтрам, вакол якога групаваліся сабраныя, быў абарваны хлопчык. Том Канці стаяў блізу што адзінока. Надыйшла мінута цяжкага чаканьня й трывогі, нават няшмат якія маладушныя людзі, яшчэ акружаўшыя яго, крыха па крысе набраліся духу і пачалі прылучацца да большасьці. У рэшце ўсяго, Том Канці, у сваёй каралеўскай вопратцы, пакінены ўсімі, застаўся саўсім адзін, сярод ачышчанае пляцформы.

Але вось паказаўся лёрд Сэнт-Джон. Калі ён падходзіў да сярэдняга прыдзелу, чаканьне й цікавасьць публікікі да таго была вялікая, што размовы й шэпты мігам сьціхлі, запанавала глыбокая ціша, і толькі глухія шагі яго было чутно. Усе вочы скіравалі на яго. Падыйшоўшы да пляцформы, ён супыніўся, нізка пакланіўся Тому Канці і сказаў:

— Гаспадару, пячаткі там няма!

Натаўп чэрні не адвярнуўся-б з гэткаю шпаркасьцяй ад якога-нібудзь ахопленага чумою, як адлілі ад няшчаснага маленькага пратэндэнта на карону, зьбялеўшыя, перапалоханыя царадворцы. Мінуту пачакаўшы, ён ужо быў адзінокі, бяз прыяцялёў і апякуноў, служачы мішэньню дзеля сцэнтрованых на ім злосных і пагардлівых паглядаў. Лёрд-протэктар гнеўна крыкнуў:

— Выкінуць жабрачка на вуліцу і прагнаць пад бізуном праз увесь горад — мізэрны дурань на большае не заслужвае!