Читать «Прыліпала» онлайн - страница 7
Віктар Карамазаў
Неўзаметку яны абодва нырнулі ў туман і замоўклі там, але праз кароткі час адтуль данёсся сухі, што дрэва аб дрэва удар, яшчэ ўдар... яшчэ... Нешта цвёрдае шоргнула, як палка аб палку, нешта жывое мыкнула, рыкнула, і зноў: чах, чах, чах...
— Чуеце? — шапянуў Сярожка.— Чуеце?..
Там біліся рагачы.
Спачатку да нас даносілася адно звонкае чахканне рагоў, затым туман асеў на траву, і мы ўбачылі над ім дзве рагатыя галавы, адну супраць другой. Алені дыхалі адзін аднаму ў самыя мысы, кожны чакаючы моманту, каб выгадна садануць рогам саперніка, і вось каторы з іх улучыў такі момант: сухі ляскат данёсся зноў. Біліся спакваля, як прымерваючыся ці шкадуючы сілы, і нарэшце ляскат заціх: адно напорлівае скрыгатанне і ціхае, быццам сушняк пад нагамі, пахрупванне. Рагач, якога мы першым агледзелі і пачулі гэтай раніцай, доўга і зацята наступаў на свайго праціўніка. Той спачатку ўсё не паддаваўся, адно галавой пакручваў, каб неяк вырваць рогі з палону. Ды сілы здалі: алень адарваўся пярэднімі нагамі ад зямлі, павіс у паветры і пачаў гнуцца ў дугу, затым злаўчыўся скокнуць убок, ірвануў голаў да самай зямлі, вызваліў усё ж рогі і, адбегшыся, стаў. Нейкі час, наліты ўжо не сілай, а злосцю, ён глядзеў на праціўніка і, напэўна, прызнаўшы сваё паражэнне, падаўся ў лес. А той вялікі рагач, горды перамогай, моўчкі, з высока ўзнятымі рагамі праводзіў яго да самага лесу, затым выцягнуў галаву наперад і на ўсю немалую сілу сваю абвясціў аб перамозе магутным, працяглым ровам. Можа, гэтак ён яшчэ раз выманьваў саперніка на бойку, ды пабіты ваяка недзе ў гушчары безгалоса залізваў раны.
Пачуўся дружны тупат лёгкіх на ногі самак. Яны беглі па сцежцы, якой сыходзіліся самцы, беглі ў той бок, адкуль на бойку прыйшоў пераможца.
Неўзабаве і мы, пакінуўшы ўгрэтыя сянныя пячоры, вярталіся дахаты. Сярожка першы ўкатваў ботамі цёмна-зялёную стужку на свежай, срабрыста-роснай атаве. Крыссё незашпіленага кажушка матлялася на ім з боку на бок, і гэтак жа, з боку на бок, у цяжкаватай хадзе ківалася яго бялесая галава.
— Сярожка!
— Што?
— Скажы ты мне, як гэта можна на слых пазнаць Ясіка? Колькі аленяў у пушчы?
— Ну, можа, дзве тысячы.
— Бачыш? А крычаць усе аднолькава.
— Усе аднолькава, а Ясік не так, як усе.
— Куды там, Ясік твой.
— Куды там, куды...— Сярожка спыніўся, загарадзіў мне дарогу, схапіўся ручкамі за борцікі свайго кажушка, танклявымі пальцамі ўпіўся ў аўчыну, і вочы яго пакутліва звузіліся, як тады раніцой, калі заспаны вышываўся з сена, а губы скрывіліся, як ад нечага кіслага.
— Ну, што ты, Сярожка, ужо і пакрыўдзіўся. Ды я...