Читать «Прарок для Айчыны» онлайн - страница 11

Аляксандр Лявонавіч Петрашкевіч

Ж ы г і м о н т. Канцлер мае рацыю.

Б о н а. Якая карысць ад непрынятых законаў?

Г а ш т о л ь д. Законы будуць прыняты, але магнаты і паны-рада чакаюць ад нас уступак.

Б о н а. Не ад вас, а ад нас!

Г а ш т о л ь д. Яны патрабуюць ад кароны захаваць усе старыя пастановы, а новыя не прымаць без іх удзелу. Рада настойвае на літаральным запісе ў Статуце: вялікі князь бярэ на сябе абавязак дзяржаву яго міласці Вялікае княства Літоўскае і паноў-раду ні ў чым не прыніжаць... Гэта па меншай меры...

Б о н а. Не трэба нас палохаць, канцлер!

Г а ш т о л ь д. Божа нас барані. Але закон пра забарону адбіраць зямлю, некалі дараваную каралямі Ягелонамі нашым падданым, трэба ў Статут унесці.

Б о н а. Я выкупляю каралеўскія землі! Я абурана намёкамі канцлера!

Ж ы г і м о н т. Канцлер, не намякайце! Што ў вас яшчэ, доктар?

С к а р ы н а. Я далучыўся б да пана канцлера, а ў Статут дадаў бы яшчэ палажэнне, якога чакаюць як магнаты, так і паны-рада, пра тое, што ў землях Вялікага княства Літоўскага ні кароль, ні яго нашчадкі нікому з чужаземцаў не будуць даваць ва ўладанне зямель, замкаў, гарадоў і якіх бы то ні было званняў і чыноў, але толькі мясцовым уражэнцам Вялікага княства.

Б о н а. Ці не занадта вы многа хочаце, шаноўны доктар?

Г а ш т о л ь д. Гэтага хоча Вялікае княства!

Б о н а. Санта Мадонна!

Ж ы г і м о н т (міралюбна ). дарагі Альбрэхт, не треба думаць, што наша княства даражэй вам, чым нам.

Б о н а. Канцлер з доктарам проста згаварыліся!

С к а р ы н а. Я толькі мушу сказаць, яснавялькожная каралева, што інтарэсы Вялікага княства пацерпяць страты, калі ў Статуце не будуць замацаваны правы і прывілеі не толькі шляхты, але і люду простага.

Б о н а. А гэта нешта ўжо зусім новае!.. Нечуванае!..

Я н ( перапалохана ). Пабойцеся Бога, доктар Скарына!

Г а ш т о л ь д. Бог не будзе ў крыўдзе, калі кароль і вялікі князь захаваюць у цэласнасці вольнасці княжат, панят, шляхціцаў і мяшчан.

С к а р ы н а. І калі мяшчане ўсіх гарадоў будуць адказныя перад судом за раны і забойствы сялян.

Г а ш т о л ь д. Калі закон забароніць няволю, залог і куплю-продаж хрысціян жыдам і татарам.

С к а р ы н а. І калі ваяводамі будуць адбірацца тайныя корчмы, ад якіх нараджаецца так многа зла на нашай зямлі.

Я н. Даўно пара!

Б о н а. Брава, біскуп! Доктару ўдалося закалыхаць не толькі караля і канцлера, але і вас. А можа, вы ўсе заадно разам з каралём?!.

Ж ы г і м о н т (іранічна ). Найяснейшая каралева! Ці ж не бачна, як мы аднадушны...

Б о н а. Неверагодна! І законы, і вольнасці, і суды - адны для ўсіх: ад князя да селяніна. Нас жа засмяе Еўропа!

С к а р ы н а. Можа і так стацца, найяснейшая каралева, што Еўропе ў нас давядзецца вучыцца. Тым больш што вы даўно дакляруеце стварыць шчаслівае каралеўства па Платонавым узоры...

Б о н а. Мне шкада вас, летуценнік!

С к а р ы н а. Так, летуценнік. І мой дэвіз - роўная свабода ўсім, агульнае багацце для ўсіх. І ён не прыдуманы некім злым. Ён паходзіць ад закона прыроджанага: тое чыніце іншым усім, што самому люба ад іншых усіх. І таго не чыніце іншым, чаго сам сабе не хочаш ад іх меці...