Читать «Прарок для Айчыны» онлайн - страница 2

Аляксандр Лявонавіч Петрашкевіч

В а р т а ў нік. І многа ты напазычаў?

С к а р ы н а. Кажуць, нібыта 206 коп грошаў.

В а р т а ў н і к (аж прысеў). Колькі?!.

С к а р ы н а. 206 коп.

В а р т а ў н і к. Дык гэта ж статак коней. Такіх грошай у Лазара з Мойшам не будзе!

С к а р ы н а. Будзе!.. Калі з мяне суд спагоніць, то ў Лазара і Мойшы будзе больш якраз на 206 коп.

В а р т а ў н і к (з іроніяй). А ты часам не Радзівіл будзеш? Ці мо сам Сапега?..

С к а р ы н а. Бяры вышэй!

В а р т а ў н і к. Дык жа некуды браць... вышэй.

С к а р ы н а. Сапраўды, вышэй некуды...

В а р т а ў н і к. Ілгаць, братка, таксама трэба ўмець...

С к а р ы н а. Бадай што, трэба...

В а р т а ў ні к. Тут і сумнявацца няма чаго, бо затаўкуцъ... Хочаш анекдот?.. Не бойся, не пра караля з каралеваю...

С к а р ы н а. Калі не пра караля, то хіба што...

В а р т а ў н і к. Быў у нас такі Янка - ілгаў, недавядзі бог. Яму ўжо не тое што суседзі, родныя дзеці не верылі. Дык прыходзіць ён аднойчы да свайго дзядзькі, а той і кажа: салжы, пляменнічак, толькі гладка,- авечку дам. Няма, адказвае, часу лгаць,- бяры, дзядзька, венікі і прыходзь у лазню. Прыйшоў дзядзька з венікам, а лазня, вядома, не топленая. (Весела рагоча.) Я тут усялякіх нагледзеўся, але, калі шчыра,- ты мне даспадобы. Люблю вясёлых.

С к а р ы н а. Дзякуй на добрым слове.

В а р т а ў ні к. Ілжы на здароўе - у мяне ўсё роўна авечкі няма. А хлеба дабаўлю.

С к а р ы н а. Шчыра дзякую.

В а р т а ў н і к. Дзякуй на зуб не пакладзеш.

С к а р ы н а. Многа есці шкодна.

В а р т а ў н і к. Сказаў бы нехта іншы, можа б, я і паверыў.

С к а р ы н а. Ты мне павер - я лекар.

В а р т а ў н і к. Можа, ты яшчэ поп ці ксёндз? Тыя таксама пасты хваляць.

С к а р ы н а. Я і не поп, я і не ксёндз, хоць нейкае дачыненне да царквы і паствы маю... І, можа б, ты да кашталяна турмы схадзіў і сказаў яму, каб ён мне маю Біблію вярнуў. Скажы, з Богам захацеў даўжнік-бадзяга пагаварыць.

В а р т а ў н і к. Там будзе відаць... А малаком я з табой падзялюся. Мне мае мальцы вечарам яшчэ прынясуць. Харошыя ў мяне мальцы растуць... што па-польску, што па-палачанску сякуць - аж ад зубоў адскоквае. І Псалтыр, як рэпу, грызуць...

С к а р ы н а (нечакана). З полькай ажаніўся, а сам з Полацка будзеш?..

В а р т а ў нік (насцярожана ). А табе скуль ведаць?!

С к а р ы н а. Хлопцаў "мальцамі" называюць толькі на Полаччыне. Дзе ні быў - і ў Гародні, і ў Навагародку, у Нясвіжы, Міры, Слуцку, Клецку, Мазыры, Тураве - толькі хлопцы. А ў Полацку мальцы.

В а р т а ў н і к. Чаго не ведаў, таго не ведаў. А мальцы, яны і ёсць мальцы. Хлопцы - то ад халопаў. А каму халопам быць ахвота?

С к а р ы н а. Я і пра нятопленую лазню з авечкаю ў Полацку чуў. Землякі мы, выходзіць, з табою, служывы.

В а р т а ў н і к (адчужана, адступаючы да дзвярэй). Хопіць языком мянціцьі А то ты да мяне і ў сваякі напросішся. Пры службе я - разумець трэба, і палёгкі не чакай. Палёгку суд дае, а я па-чалавечы паспачуваць магу. І граху ў тым не бачу.