Читать «Прарок для Айчыны» онлайн - страница 14
Аляксандр Лявонавіч Петрашкевіч
Б о н а. Баста! Баста! Гэта я зрабіла Аўгуста наследнікам караля!
Ж ы г і м о н т (пасля паўзы, не слухаючы). Пад рукой Гаштольда дзяржава, паны-рада, вальнадумная шляхта. Іх пальцы на маёй шыі! І пра гэта яснавяльможная каралева таксама чула! І рана ці позна яны не толькі прымуць, але і надрукуюць свае законы. Лепш было б зрабіць гэта з нашае волі, з нашае ласкі і нашага блаславення.
Б о н а (катэгарычна). Ніколі! Ці пасля маёй смерці! Баста!
Ж ы г і м о н т. Кароль ці нават каралева могуць памерці. А каралеўства павінна жыць! Польшча павінна жыць! І яна будзе жыць. І добра, каб у міры і згодзе з Вялікім княствам...
Б о н а. І з Масковіяй...
Ж ы г і м о н т. І з Масковіяй, і з Турцыяй, і з Аўстрыяй, і з Венгрыяй, і з Чэхіяй, і з Прусіяй, і з імператарам Вялікай Рымскай імперыі. Інакш - пагібель! Каралеўская казна пустая, войска непаслухмянае, у дзяржаве разарэнне і мор, якіх яшчэ не было. І вам, яснавяльможная, варта было б памаліцца на Вялікае княства, якое стаіць заслонаю і ад маскавітаў, і ад татараў, і ад турак. І карона не зваліцца, калі каралева хоць для прыліку схіліць галаву перад тымі ж Радзівіламі, Гаштольдамі, Сапегамі ці Алелькавічамі. Дзякуй табе, Божа, што
яны яшчэ не адмаўляюць Ягелонам у сваёй дружбе і падтрымцы.
Б о н а. Але якой цаной вы купляеце іх дружбу?!.
Ж ы г і м о н т. Калі ўсё цаніць на грошы, можна чорту душу прадаць...
Б о н а (паднімае ўверх рукі). О Санта Мадонна!О Польшча?! O Rzeczpospolita?!
Ж ы г і м о н т. Не трэба заломваць рукі. Трэба раз і назаўсёды засвоіць, што ў Польшчы, не кажучы пра Вялікае княства, не прынята, каб камандавала жанчына.
Б о н а. А калі жанчына - каралева?..
Ж ы г і м о н т. Тым больш. Тут нават караля выбіраюць, які не заўсёды па сваёй волі выбірае каралеву... Усё! Баста!
Б о н а. Санта Мадонна...
Сцэна зацямняецца.
Д З Е Я Д Р У Г А Я
ІV
Познань. Скарына ў вязніцы. Грымяць запоры, уваходзіць Вартаўнік.
В а р т а ў н і к. Лічы, братачка, што табе пашанцавала: мальцы гатовы, Анэлька згодная, другога каня купіў, хоць і не такога, як канакрады звялі, але ехаць можна. (Вымае з-за пазухі свечку, запалкі, бутэлечку чарніла, гусінае пяро і аркуш паперы.) У самога пракурора пазычыў. Хацеў падзякаваць, ды пабаяўся, каб не дагналі. Напішы ім на памяць, каб шукалі ветру ў полі. А да раніцы наш і след прастыне.
С к а р ы н а. Рызыкоўны ты мужык, як я бачу!!.
В а р т а ў н і к. У нас у Полацку амаль усе такія: за дружбу - што ў вір, што ў балота!.. А Анэлька дык мяне яшчэ і разумным лічыць. А ёй пожна верыць, як мне!
С к а р ы н а. Тады канешне... А мальцам тваім - колькі?
В а р т а ў н і к. Што - колькі?..