Читать «Прарок для Айчыны» онлайн - страница 13
Аляксандр Лявонавіч Петрашкевіч
Б о н а. А я спадзявалася перасварыць сёння назаўсёды караля, канцлера, епіскапа і доктара.
Ж ы г і м о н т ( не расплюшчваючы вачэй). Інтрыгі пры двары, ваша вялікасць, вельмі шкодзяць.
Б о н а. Санта Мадонна! А дзе ваша вялікасць бачыла двор без інтрыг?.. Ці, можа, я не бачу, як за маёй спінаю вы згаварваецеся з Гаштольдам? Як хітрыць ваш сынок епіскап Ян, прыгрэўшы на грудзях гэтага доктара. На словах ён нібы яму антаганіст, а на справе - у хаўрусе. Са слуцкімі князямі яны адкрылі ў Веснічах пад Гародняй не толькі касцёл, але і парафіяльную школу. Скарынаву школу. Ці, можа, не епіскап Ян заплюшчвае вочы на друкарскую дзейнасць доктара ў Вільні? Можа, ён не з ім разам вышуквае шляхецкіх і купецкіх сынкоў і пасылае ва універсітэты краіны, дзе правяць ненавісныя мне Габсбургі?.. А Гаштольд?! Ён хоча перашкодзіць мне вяртаць каралеўству гарады і маёнткі!..
Ж ы г і м о н т. Пабойцеся Бога! Вы ж толькі што авалодалі княствам Пінскім, ледзьве не ўсім Валынскім, захапілі Кобрын, Клецк, Абольцы пад Оршай, два староствы ад Гародні да Коўна, у вас пад рукою ўся Мазовія!..
Б о н а ( спакойна, з усмешкай). У Боны Сфорцы Арагонскай пад рукою яшчэ і каралеўства ў Італіі...
Ж ы г і м о н т. І ў Італіі... А вы пра інтрыгі... А я так думаю: інтрыгі інтрыгамі, а Статут Вялікага княства давядзецца рабіць такім, каб ён нарэшце
быў прыняты панамі-радай.
Б о н а (здзекліва). І ваша міласць пра гэта будзе зноў пісаць Радзівілам на мове дзікуноў, што жывуць за Нёманам...
Ж ы г і м о н т. Можна падумаць, што ваша вялікасць піша Радзівілам па-італьянску, якой яны, між іншым, цудоўна валодаюць. А то навошта б вам трымаць пры сабе перакладчыка з італьянскай на беларускую... А ў дзікуноў, як пераканалася мая каралева, хапіла спрыту і розуму, каб стварыць законы, якіх яшчэ не ведаў свет. І, відаць, таму, што за Нёманам дзяржава ад мора і да мора. І хто б пісаў тым Радзівілам, каб не было Алелькавічаў і іншых, што спяць і бачаць Белую Русь уз'яднанай з Руссю Маскоўскаю.
Б о н а. Між іншым, Польшча...
Ж ы г і м о н т (перапыняе). Польшча нішто без Вялікага княства! Нішто!..
Б о н а. Санта Мадонна! Але і Вялікае княства без Польшчы...
Ж ы г і м о н т (перапыняе). А гэта яшчэ як сказаць...
Б о н а (занепакоена). Вы наважыліся пагадзіцца з прыняццем гэтых законаў?!.
Ж ы г і м о н т. Прымаць законы - яшчэ не азначае выконваць іх. Пісаць на мове Радзівілаў і Алелькавічаў - яшчэ не азначае паважаць іх мову і іх саміх. Абяцаць Гаштольду - яшчэ не азначае выконваць абяцанкі...
Б о н а ( з падвохам ). А як жа з сяброўствам?..
Ж ы г і м о н т. Такі падслухоўвалі?!.
Б о н а. Можна падумаць, што вы на гэта не разлічвалі...
Ж ы г і м о н т. Бо хацеў, каб яснавяльможная ведала, што кароль не толькі сабе знайшоў сябра, але і саюзніка каралеўству, пра якое каралеве варта было б думаць больш, чым пра свае амбіцыі.
Б о н а. Канцлер абвядзе нас вакол пальца, як рабіў гэта ўжо не раз!..
Ж ы г і м о н т. Канцлер Гаштольд непакоіцца за Вялікае княства, як і я непакоюся за Каралеўства Польскае. І мы, калі бывае трэба, водзім адзін аднаго не толькі вакол пальца, але і за нос. Тым не менш я давяраю Гаштольду, бо менавіта ён, Гаштольд, шукае збліжэння з Аўстрыяй і з Прусіяй, а не з Масковіяй. І не хто іншы, як ён, Гаштольд, у свой час схіліў вялікі сейм, каб той яшчэ пры маім жыцці зрабіў нашага сына Аўгуста маім пераемнікам. Такога яшчэ не ведаў свет!