Читать «Прарок для Айчыны» онлайн - страница 16
Аляксандр Лявонавіч Петрашкевіч
кароль гэтага хоча. А хутчэй за ўсё не мае сілы супрацьстаяць канцлеру.
Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Што лютаране?
Б о н а. У Вялікім княстве іх адзінкі, у каралеўстве множацца, як саранча. Папскія эдыкты супраць ерэтыкоў ігнаруюцца. Умяшанні рымскай курыі выклікаюць выбухі нянавісці да каталіцкіх духоўнікаў. Тут і магнаты і шляхта яднаюцца. І тыя і другія гатовы адмяніць дзесяціну, павялічыць свае ўладанні за кошт царкоўных зямель і пазбавіцца залежнасці ад каралеўскай улады.
Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Каму кароль не давярае і з кім у згодзе?
Б о н а. Не давярае ў першую чаргу мне...
Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Мы не дзеля гэтага зрабілі Бону Сфорцу каралеваю...
Б о н а. Санта Мадонна! (Пасля паўзы.) У згодзе кароль з пасынкам Янам - епіскапам віленскім, пляменнікам Альбрэхтам - герцагам прускім, з Гаштольдам - канцлерам Вялікага княства і ваяводам віленскім. Менавіта ён і хоча наблізіць да
двара нейкага палачаніна Францыска Скарыну - у навуках вызваленых і лекарстве доктара. Праз яго канцлер і хоча надрукаваць Статут Вялікага княства пасля яго зацвярджэння сеймам.
Ч а л а в е к у ч о р н ы м. А што кароль?
Б о н а. Як заўсёды, кароль будзе хітрыць і з Гаштольдам і з каралеваю...
Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Як даўно Гаштольд сышоўся з доктарам Скарынай?
Б о н а. У іх былі адны настаўнікі ў Ягелонскім універсітэце. А яшчэ Гаштольд быў ваяводам полацкім. Менавіта пры ім купцы Скарыны выйшлі на гарады Еўропы і Масковію. Цяпер Гаштольд карыстаецца вучонасцю аднаго з гэтых Скарынічаў.
Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Адносіны каралевы з канцлерам?
Б о н а. Мы ворагі да смерці.
Ч а л а в е к у ч о р н ы м . Не пра тое я!
Б о н а. Канцлер Гаштольд усімі сродкамі змагаецца за незалежнасць Вялікага княства супраць уніі з Польшчай. Ён жа ўстанавіў адносіны з аўстрыйскім дваром і з прускім герцагам Альбрэхтам. Ён жа авалодаў маёнткамі ў Троках, Вільні,
Падляшшы, Любчы, Ашмянах, Біржы, Койданаве. Ён жа разам з Радзівілам пазбавіў мяне магчымасці набыць і адсудзіць маёнткі ў шэрагу паветаў Вялікага княства. І я прасіла б...
Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Наша вока ўсё бачыць. Наша вуха ўсё чуе. (Падае руку для пацалунка)
Бона пакорліва цалуе руку і знікае.
VІ
З успамінаў Скарыны
Вільня. Скарына ў рэзідэнцыі Гаштольда.
С к а р ы н а. Даруйце, шаноўны канцлер, але я гляджу на Статут Вялікага княства як на своеасаблівую канстытуцыю незалежнасці слаўнай Літоўскай дзяржавы. І яго друкаванне на друкарскім варштаце стала б не толькі гістарычнай адзнакай высокай прававой культуры ў краі, але і важнай унутранай і знешнепалітычнай акцыяй на ўсходзе Еўропы. Надрукаваны Статут стаў бы першым сапраўдным сімвалам беларускасці. Ён засведчыў бы арыгінальнасць і еўрапейскую годнасць жывой беларускай мовы і пісьмовай культуры. Мова, што б мы ні гаварылі, жыве пад пагрозай паланізацыі.