Читать «Порт у тумане» онлайн - страница 8
Жорж Сименон
— Кажуць, яго атруцілі… Нібыта ён пазелянеў, — не адставаў ад камісара палявы вартаўнік.
Мэгрэ ўвайшоў у дом якраз у той самы момант, калі заплаканая Жулі, з прыпухлымі павекамі і чырвоным тварам, паволі спускалася з другога паверха. Яе толькі што выставілі з пакоя, дзе доктар аглядаў капітана. На ёй было накінута паліто, з-пад якога віднелася доўгая белая начная кашуля, на нагах — пантофлі.
— Гэта жудасна, пан камісар!.. Вы не можаце сабе ўявіць… Падымайцеся хутчэй!.. Можа быць…
Калі Мэгрэ ўвайшоў у спальню, доктар, які нахіліўся над ложкам, выпрастаўся. Па яго твары было ясна відаць, што капітану ўжо нічым не паможаш.
— Я з паліцыі…
— А, добра… Усё скончана. Магчыма, яшчэ дзве-тры хвіліны можа… Пэўна, гэта стрыхнін, калі я не памыляюся…
Ён падышоў да акна і расчыніў яго: капітану, здавалася, не хапала паветра. А за акном — усё тая ж карціна: сонца, порт, лодкі з узнятымі ветразямі, рыбакі, якія перакладвалі рыбу, што так і зіхацела луской, з перапоўненых кашоў у скрыні.
На гэтым фоне Жарысаў твар здаваўся яшчэ больш жоўтым, бадай, нават зялёным — немагчыма было разабраць, што гэта за колер, настолькі ён не адпавядаў звычайным уяўленням пра чалавечае цела.
Рукі і ногі ў капітана выгіналіся і торгаліся, у той час як твар заставаўся спакойны і нерухомы, вочы нібы застылі, утаропіўшыся ў сцяну.
Доктар трымаў руку на капітанавым запясці, сачыў, як слабеў пульс. Нарэшце ён вачыма даў знаць Мэгрэ: «Зараз… зараз…»
У гэты момант здарылася нешта зусім нечаканае.
Пэўна, няшчасны апрытомнеў на якоесь імгненне. Твар у яго зморшчыўся, усё адно як у дзіцяці, што зараз заплача, склаўся ў жаласную грымасу пакутніка, які не можа больш цярпець невыноснага болю… Па шчоках каціліся дзве буйныя слязіны…
І тут — прыглушаны доктараў голас:
— Усё. Кончана.
Неверагодна, але слёзы цяклі па твары ў самы момант смерці.
Яны яшчэ жылі, гэтыя слёзы, сцякалі на падушку, а капітан ужо быў мёртвы.
На лесвіцы пачуліся крокі. Унізе гучна ўсхліпвала Жулі. Яе абступілі жанчыны. Мэгрэ выйшаў на пляцоўку і паволі вымавіў:
— У спальню не ўваходзіць.
— Ён… — пачаў быў нехта.
— Але! — адно і сказаў камісар, перапыняючы пытанне.
І адразу ж вярнуўся ў заліты сонцам пакой. Доктар рыхтаваў шпрыц, збіраючыся зрабіць Жарысу ўкол у сэрца, — бадай што, толькі дзеля таго, каб выканаць да канца свой абавязак.
А на садовым муры сядзела зусім белая кошка.
II. Спадчына
Недзе ўнізе, мабыць, на кухні, у акружэнні суседак гучна рыдала Жулі.
Праз адчыненае акно Мэгрэ ўбачыў, што з гарадка ішлі і беглі людзі — жанчыны з дзецьмі на руках, мужчыны ў сабо… Хлопчыкі ехалі на роварах. Гэты стракаты ўсхваляваны натоўп дасягнуў моста, пераваліў праз яго і рушыў да капітанавага дома, нібы ўсіх там чакала прадстаўленне вандроўнага цырка або аўтамабільная аварыя.
Неўзабаве на дварэ быў ужо такі гвалт, што Мэгрэ зачыніў акно. Муслінавыя шторы змякчалі сонечнае святло, і камісар адчуў сябе ў пакоі ямчэй, вальней. Агледзеўся.
Ружовыя шпалеры, светлая, начышчаная мэбля. На каміне — ваза з кветкамі.