Читать «Порт у тумане» онлайн - страница 7

Жорж Сименон

— Як вы думаеце, гатэль яшчэ адкрыты?

— «Універсаль»? Вядома. Але спяшайцеся: гаспадар хутка закончыць гуляць у карты і пойдзе спаць… Тады ўжо не падымецца нізашто на свеце…

— Да заўтра, — кажа Мэгрэ.

— Бывайце. Буду ў порце з дзесяці раніцы, з пачаткам прыліву.

Яны паціскаюць адзін аднаму рукі, хоць практычна яшчэ і не знаёмыя. А ў тумане, у якім Мэгрэ раз-пораз на каго-небудзь наскоквае, па-ранейшаму віруе жыццё.

Камісара разбірае нейкі неспакой, наплывае трывога, ён прыгнечаны. Нібыта побач — чужы свет, які жыве сваім зусім асаблівым жыццём. У цемры — людзі або, напрыклад, паруснік, які чакае сваёй чаргі за два-тры крокі ад вас, — а знаку ніякага.

Мэгрэ зноў праходзіць міма рыбака, што застыў пад ліхтаром. Камісару хочацца сказаць яму што-небудзь.

— Бярэ?

Замест адказу чалавек сплёўвае ў ваду, а Мэгрэ ідзе далей, злуючы на сябе: ну нашто ён гэта ляпнуў?

Шум аканіц, якія зачыняюць у Жарысавым доме, — вось апошняе, што ён чуе, уваходзячы ў гатэль. Страшна, мусіць, Жулі: ніяк не забудзе пра кошку, што выскачыла з дому, як толькі адчынілі дзверы…

— Гэты гудок так і будзе выць усю ноч? — незадаволена пытаецца Мэгрэ, убачыўшы гаспадара гатэля.

— Пакуль туман… Але да гэтага прывыкаеш…

* * *

Спаў камісар неспакойна, як спяць, калі баліць страўнік, або ў дзяцінстве, калі чакаюць якой-небудзь важнай падзеі. Двойчы падымаўся, падыходзіў да акна, прыціскаўся тварам да халоднага шкла, але не бачыў нічога, апроч пустыннай дарогі і промня маяка, які, здавалася, шукаў у заслоне туману месца, каб праткнуць гэтую сцяну. І ўсё выў і выў гудок, нават гучнеў і яшчэ больш халадзіў кроў.

Прачнуўшыся другі раз, Мэгрэ паглядзеў на гадзіннік. Было чатыры гадзіны раніцы. У порт, стукаючы па асфальце сабо, ішлі з кашамі за плячыма рыбакі.

А неўзабаве нехта загрукатаў у дзверы і расчыніў іх, не чакаючы дазволу. Мэгрэ ўбачыў збянтэжаны твар гаспадара гатэля.

У акно ўжо свяціла сонца, але, нягледзячы на гэта, гудок усё яшчэ выў.

— Хутчэй! Капітан памірае!..

— Які капітан?

— Капітан Жарыс. Жулі прыбегла ў порт, каб тэрмінова выклікалі вас і доктара.

Мэгрэ, не прычэсваючыся, нацягнуў штаны, надзеў, не зашнуроўваючы, чаравікі, схапіў пінжак, а пра накладны каўнерык і зусім забыўся.

— Што-небудзь глынулі б?.. Кубак кавы?.. Шкляначку рому?..

Дзе тут ужо да гэтага! Няма калі. На вуліцы, нягледзячы на сонца, было даволі холадна, вільготна. Праходзячы цераз шлюз, камісар убачыў мора, зусім спакойнае, бледна-блакітнае. Віднелася, праўда, толькі вузенькая палоска: каля берага доўгі шлейф туману размыў небакрай.

На мосце да Мэгрэ падышоў нейкі чалавек.

— Вы — камісар з Парыжа? Я палявы вартаўнік. Рады пазнаёміцца. Вам ужо расказалі?

— Што?

— Кажуць, гэта проста жахліва!.. А вось і доктарава машына.

Рыбацкія лодкі ў порце ляніва пагойдваліся на вадзе, па якой прабягалі каляровыя блікі. Ветразі былі ўзнятыя, мабыць, на прасушку. На кожным напісаны чорнаю фарбаю нумар.

Перад капітанавым домікам, побач з маяком стаяла некалькі жанчын. Дзверы былі адчыненыя. Мэгрэ абагнала доктарава машына.