Читать «Порт у тумане» онлайн - страница 6
Жорж Сименон
Мэгрэ пераходзіць, трымаючыся за парэнчы. Пад нагамі бурліць вада, а ўдалечыні гэтаксама, як і раней, чуецца роспачны гудок. Чым далей праходзіць наперад Мэгрэ, тым больш узнікае ў тумане постацей, тым жвавей віруе ў порце загадкавае жыццё. Увагу камісара прыцягвае недалёкі агеньчык. Мэгрэ падыходзіць бліжэй і ў прывязанай да пірса лодцы бачыць рыбака, які апускае і падымае вялікія сеткі, прымацаваныя да жэрдак.
Рыбак кідае на камісара абыякавы позірк і зноў пачынае разбіраць у сваім кашы дробную рыбу.
Побач з параходам трохі святлей. Відаць, як на палубе ходзяць людзі. На мастку ангельская гаворка. На краі пірса мужчына ў форменнай фуражцы візіруе дакументы.
Начальнік порта. Чалавек, які замяняе цяпер Жарыса.
Як і той, гэты мужчына невысокага росту, але худзейшы і рухавейшы. Ён перакідваецца жартамі з афіцэрамі на караблі.
Увогуле, свет цяпер раздзелены для Мэгрэ на дзве часткі: некалькі адносна светлых квадратных метраў порта і бясконцая цемра, у якой угадваюцца абрысы сушы і мора, што ледзь чутна шуміць злева.
Ці не ў такі вось вечар знік з Вістрэама Жарыс? Пэўна, ён правяраў дакументы, як гэта робіць цяпер яго калега, гэтаксама жартаваў, сачыў за шлюзам, за манеўрам судна. Бачыць нешта ў гэтым тумане яму не трэба было: ён выдатна арыентаваўся па прывычных гуках. У порце звычайна ніхто і не глядзіць сабе пад ногі, калі ідзе.
Мэгрэ распальвае люльку і хмурыцца: яму непрыемна адчуваць сябе тут няўклюдным, нязграбным сухапутнікам, якога палохае і хвалюе ўсё, што мае дачыненне да мора.
Вароты шлюза адчыняюцца. Судна выходзіць у канал, толькі троху вузейшы за Сену ў Парыжы.
— Прабачце, вы — начальнік порта? Камісар Мэгрэ з крымінальнай паліцыі… Я толькі што прывёз дадому вашага калегу.
— Жарыса?.. Значыць, гэта праўда ён?.. Сёння раніцай мне расказвалі… Праўда, што ён?.. — кранае начальнік порта пальцам скроню.
— У гэты момант… Звычайна вы ўсю ноч праводзіце ў порце?
— Не, не больш пяці гадзін запар: толькі ў прыліў. У гэты час узровень вады даволі высокі, каб судны маглі ўвайсці ў канал або выйсці ў мора. Час прыліву непастаянны… Сёння, напрыклад, ён толькі што пачаўся і закончыцца недзе а трэцяй гадзіне ночы…
Чалавек трымаецца проста, размаўляе з Мэгрэ як з роўным: урэшце ён — такі ж самы чыноўнік на службе.
— Прабачце…
Ён глядзіць у мора, дзе і не відаць нічога, аднак адразу ж аб'яўляе:
— Паруснік з Булоні. Ашвартаваўся каля пірса, чакае, калі адкрыюць шлюз.
— Вам паведамляюць пра судны, якія прыбываюць?
— Часцей паведамляюць. Асабліва пра параходы. Амаль усе яны ходзяць па раскладзе: з Ангельшчыны вязуць вугаль, з Кана — руду…
— Давайце пойдзем вып'ем чаго-небудзь, — прапануе Мэгрэ.
— Пакуль не магу: мушу быць тут да канца прыліву…
Начальнік порта аддае каманды падначаленым, якіх не бачыць, але хто з іх дзе, ведае выдатна.
— Вы расследуеце справу Жарыса?
З боку гарадка набліжаюцца крокі. Па варотах шлюза праходзіць мужчына. Ён аказваецца пад ліхтаром, і тут Мэгрэ прыкмячае за яго спінаю дула стрэльбы.
— Хто гэта?
— Мэр. Ідзе паляваць на качак… У яго ёсць будан на беразе Орны. Яго памочнік, мусіць, ужо там, рыхтуецца да начлегу…