Читать «Порт у тумане» онлайн - страница 10

Жорж Сименон

Не быў забыты амаль ніхто з партовых служачых, якіх Мэгрэ сустрэў ноччу. Нават шлюзаўшчык, якому капітан адпісаў «трайную рыбацкую сетку, што пад адлевам».

У гэты момант Жулі, скарыстаўшыся тым, што жанчыны пакінулі яе адну, каб згатаваць ёй для падтрымання сілы грог, узбегла па лесвіцы, адчыніла дзверы ў капітанаву спальню, кінулася да ложка, выдаючы ўсім сваім выглядам на вар'ятку, і адразу ж адступілася, спалохаўшыся мерцвяка, грымнулася на дыван і стала крычаць нешта неразборлівае.

Можна было ўгадаць: «немагчыма… Мой бедны гаспадар… мой… мой…»

Мэгрэ паволі падышоў да яе, дапамог устаць і адвёў дзяўчыну, як тая ні супраціўлялася, у яе пакой. Там усё было ў беспарадку: на ложку валялася адзежа, на падлозе стаяў тазік з мыльнай вадою.

— Хто наліваў капітану ваду ў графін на начным століку?

— Я… Учора раніцай… Калі ставіла ў вазу кветкі.

— Вы ў доме былі адна?

Жулі цяжка дыхала, але патроху прыходзіла да памяці — і тут такія вось пытанні камісара.

— Што гэта вам прыйшло ў галаву? — ускрыкнула яна раптам.

— Нічога. Супакойцеся. Я толькі што прачытаў Жарысава завяшчанне.

— Ну і што?

— Ён пакінуў вам усю сваю маёмасць. Цяпер вы багатая…

У адказ Жулі толькі разрыдалася.

— Капітана атруцілі вадою з графіна.

Дзяўчына кінула на Мэгрэ поўны нянавісці позірк і літаральна завыла:

— Што вы хочаце гэтым сказаць, га? Што вы хочаце сказаць?

Яна была ў такім стане, што схапіла Мэгрэ за рукаў і ліхаманкава трэсла яго. Яшчэ трохі — і ўчапілася б пазногцямі, так раз'юшылі яе камісаравы словы.

— Цішэй. Супакойцеся. Расследаванне толькі пачынаецца. Я ні на што не намякаю, а толькі спрабую разабрацца, што здарылася.

У дзверы пастукалі. Гэта быў палявы вартаўнік.

— Пракурор зможа прыйсці толькі пасля абеду, — паведаміў ён. — Пан мэр вярнуўся раніцаю з палявання і яшчэ не ўстаў. Ён прыйдзе, як толькі будзе гатовы.

Усе ў доме былі ўзнерваваныя. А людзі на дварэ, якія самі не ведалі, чаго тут чакалі, толькі нагняталі гэтую ўзнерваванасць.

— Вы застанецеся тут? — спытаўся Мэгрэ ў дзяўчыны.

— Вядома. А куды мне яшчэ дзецца?

Мэгрэ папрасіў доктара выйсці з пакоя і замкнуў дзверы на ключ. Ён пакінуў з Жулі толькі дзвюх жанчын, жонку дазорца з маяка і жонку аднаго шлюзаўшчыка.

— Не пускайце нікога, — сказаў ён палявому вартаўніку. — Калі спатрэбіцца, паспрабуйце збыць занадта цікаўных.

Мэгрэ вышаў з дома, прайшоў праз натоўп і накіраваўся да моста. Удалечыні па-ранейшаму выў гудок, але цяпер ён ужо быў ледзь чутны, бо вецер дзьмуў на мора. Было цёпла, сонца свяціла ўсё ярчэй. Пачынаўся прыліў.

Два шлюзаўшчыкі былі ўжо на сваіх месцах. На мосце Мэгрэ сустрэў капітана Дэлькура, з якім гаварыў ноччу. Той падышоў да яго.

— Дык гэта праўда? — спытаўся капітан.

— Але. Жарыса атруцілі.

— Хто?

Натоўп каля Жарысавага дома пачаў раставаць. Было відаць, як палявы вартаўнік, жастыкулюючы, пераходзіў ад аднае групкі да другой і нешта казаў. Людзі азіраліся на камісара. Цяпер іх цікавіў толькі ён.

— Ну што, пачынаецца шлюзаванне?

— Яшчэ не. Трэба, каб вада ўзнялася на тры футы. Вунь тое судна на рэйдзе чакае з шасці раніцы.