Читать «Порт у тумане» онлайн - страница 74

Жорж Сименон

— Як гэта?..

— Калі «Сэн-Мішэль» зможа выйсці ў мора?

— Хоць зараз! Усё ў поўным парадку! Цуд, а не судна, клянуся!..

Луі дапытліва глядзеў на Раймона. Той вымавіў:

— У такім выпадку прагуляйся на шхуне з Ланэкам і Сэлестэнам…

— Яны тут?

— Зараз прыйдуць… Некалькі тыдняў марской прагулкі… Далей адсюль… Каб пра «Сэн-Мішэль» тут ужо болей не гаварылі…

— Я мог бы прыхапіць з сабою і сястру — займалася б кухняю… Ведаеце, Жулі не з палахлівых…

І ўсё ж такі яму было няёмка перад Мэгрэ. Перад вачыма стаялі падзеі апошняй ночы. І ён яшчэ не ведаў, ці можна ўсміхнуцца, маючы іх на ўвазе.

— Вы хоць не прастудзіліся?

Яны стаялі на краі шлюза, і Мэгрэ адным штуршком адправіў матроса ў ваду.

— Здаецца, мой цягнік адыходзіць у шэсць, — сказаў пасля камісар. Аднак ён не рашаўся пайсці. Глядзеў вакол сябе з сумам: гэты маленькі порт стаў яму дарагі. Усё ж такі цяпер яму былі знаёмыя ўсе яго закуткі… І ў якое толькі надвор'е не давялося яму пабываць ці не ў кожным з іх: і пад слабым яшчэ ранішнім сонцам, і ў буру, і ў дождж, і ў непраглядны туман…

— Вы едзеце ў Кан? — спытаўся Мэгрэ ў Раймона, які ўсё яшчэ стаяў каля яго.

— Не адразу. Думаю, так будзе лепш… Трэба, каб прайшоў нейкі час…

— Час, — скончыў за яго Мэгрэ.

Калі праз чвэрць гадзіны вярнуўся Люка і спытаў, дзе Мэгрэ, яму паказалі на «Марацкі прытулак», дзе ўжо гарэла святло.

Праз запацелыя вокны шынка інспектар угледзеўся ў камісара…

Той сядзеў, ёмка ўладкаваўшыся на саламяным крэсле, з люлькаю ў зубах і кухлем піва ў руках, і слухаў розныя гісторыі, якія расказвалі вакол яго людзі ў марскіх фуражках і гумавых ботах…

У цягніку, гадзін каля дзесяці вечара, Мэгрэ ўздыхнуў.

— Мусіць, сядзяць цяпер усе трое ў кубрыку ў цяпле…

— У якім кубрыку? — спытаўся Люка.

— На «Сэн-Мішэлі»… На зрэзаным стале — лямпа, цяжкія шклянкі і бутэлька галандскага джыну… Печ патрэсквае… Дай мне запалкі!..

Примечания

1

На набярэжнай Арфэўр знаходзіцца галоўны камісарыят крымінальнай паліцыі Парыжа.

2

Горад і порт у Чылі.

3

Сабо (фр.) — чаравікі на драўлянай падэшве або выдзеўбаныя з дрэва.

4

Гатунак сыру.

5

Рыбны суп з часнаком і вострымі прыправамі.

6

Манета ў пяць сантымаў, 1/20 франка.