Зямля дзядоў! Гудуць на ліпах пчолы, За штосьці птушкі сварацца ў садах. Вось дом стары. Два клёны і таполя, Як старыкі аперліся на дах. Сабака спіць паміж чырвоных макаў, І гарлачы сышліся на сукі Паміж сабой аб нечым пабалакаць, Пагрэць на сонцы старыя бакі. Туляўся ў свеце як па пеклу Марка, А тут сустрэнуць жартама "дубцом", "З каня" ля шулаў пачастуюць чаркай І павядуць, гамонячы, у дом. Бабуля у старым сваім уборы (Крывёй не родная, а як свая) Пачне неміласэрна лаяць горад, І за плячыма з лыжкаю стаяць. Што, пэўна, кормяць там аднэй мачалай Ці іншай, можа, поскуддзю якой, Бо стаў худы як той курыны палец. Засмаж сабаку - рады дасць і ёй. А дзядзька, што ў вадзе сядзеў ад рана З ухмылкай скардзіцца на ход падзей, Што рыба стала з гонарам як пані, Ні на якую трасцу не ідзе: "Як цюцька змок, запэцкаўся у глейку, Сяджу як у разоры той нарог. Лавіў, лавіў - ну хоць бы лапаць нейкі - Пачулі, што прыйшоў рыбацкі бог. Калі як зараве гудок пабудку, Як пачалі бляшню хапаць яны. Мо думалі, што я пайду - аж дудкі, Я, дзетухны, сягоння выхадны. За мокрыя штаны - нясіце кару... Сілкуйся, брат, не праглыні язык. Пачаставаць як трэба нельга зараз, Міроны вельмі мала - маладзік". Гарэлка льецца. Ціхі гук вясёлы. Чаму не выпіць, як прычына ёсць. Скаварада велічынёю з кола, Кускі - з каровячы прыблізна нос. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .Даволі. Надыходзіць "час сабачы". На вулках ціша і спакойны сон. Выходзім і даволі ясна бачым, Як хітры бэз рвануўся ад акон. Стаяць яму цвярозаму, без чары, І ноч усю да ранішніх гудкоў Ён будзе з ветрыкам пра нас пляткарыць У сто зялёных, вострых языкоў. Пакрыўдзіўся... Зноў пахне сена цёплымі лугамі, Па-над страхой знаёмых зор агні. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .Адрына з заімшонымі бакамі, Дзе цёплае гняздо звіваюць сны.