Читать «Паэзія розных гадоў» онлайн - страница 3

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

ІІ

Абрыў ад ног у плынь Дняпра нырае. Заціхні, сэрца, - знову за сваё? Гарэза-ветрык волас папраўляе На непакрытай галаве маёй. Там - плынь Дняпра, шырокая, як мора, Тут - скочкі і заглухлы бэз капцоў. Стаю і думаю. І хвояў шорах, Як слова даравання ад дзядоў. Вайна нанесла нават мёртвым раны, Не кажучы пра цёплых і жывых. Стаптаныя дзядоў маіх курганы! Увесну бэзу не цвісці на іх. Непадалёк ад ледзь жывой капліцы, Над бабчынай магілаю старой Як слёзы залацістыя, жывіца Цячэ з параненых магутных хвой. З гурбы жывой, з гурбы безабароннай Яны сюды вадзілі па адным, Пускалі па спадзістаму адхону, І у патыліцу стралялі ім. І нехта адказаў так званым "людзям" З пагардай, хоць вялі яго на смерць: "Калі страляеш, дык страляй у грудзі І мей адвагу ў вочы мне глядзець". Усё праходзіць. Пад дняпроўскай хваляй, Там, ля Прарова берагоў густых, Вышэй ад горада, згніваюць палі Напалеонаўскіх спаруд старых. А поруч з імі, ў водарасці рыжай, У нетрах "жабніку", "багновак", "скул" Чужынскі танк з павучым чорным крыжам Зарыўся грозным хобатам у мул. Культуры вашай варты жалю ўламак, Бандыцкі танк са звернутым ствалом Прыстасаваў пад непрыступны замак Вусаты, тлусты ваявода-сом. Жывымі не ўцяклі, як і калісьці, Са зброяю сваёй пайшлі ка дну... І не паспелі іх сляды заплысці, Як зноў крычаць пра новую вайну, Звуць "боскую бязлітасную буру", З амбонаў абвяшчаюць зноў і зноў Паход за еўрапейскую культуру Супроць "славянскіх цёмных дзікуноў".

ІІІ

Вы, гордыя сваёй грудзінай белай, Надушаныя з ног да галавы, Мае ж дзяды тады пісаць умелі, Калі фарсілі ў воўчых шкурах вы! Калі у замках вы жылі па-свінску, Палілі на агні жанчын старых - У нас тварылі Будны і Цяпінскі, Паэты, дойліды і разьбяры. У вас калматая бы ў малпы скура, Не звыклі вы да вопраткі сваёй, А вы прыйшлі "прышчэпліваць культуру", Прыйшлі таемнай, воўчаю хадой. Вам, спевакам грызні і новых войнаў, Што за "культуру" ліць спраможны кроў! Культура - справа мірных і любоўных, Не катаў, не забойц, не дзікуноў. Нас нішчыць? До дурніц. Замала сілы. Зямля, дзе ўсе жывуць адной сям'ёй, Дзе ваяваў Вячко, дзе жыў Вашчыла - Не можа быць пахілаю рабой. Не вырвеш з нас жывую нашу душу Бы з дзяснаў слабых набалелы зуб, Бо мы народ вялікі, непарушны, Народ, што да зямлі прырос, як дуб. Хоць моцныя, а з сукаватай кульбай Мы не сядзелі на чужым гарбу, Бо зведалі мы смак нішчымнай бульбы, І бомбы, і пажар, і барацьбу. Сціскаюць моцна нашы рукі зброю. Не рушце нас. Не цяжка зразумець: Капцы жадаюць вечнага спакою, Жывыя - працаваць, кахаць і пець. І не крычыце пра сваю культуру, Не выдаткуйце гожых слоў запал, - Мы зразумелі на уласнай скуры Бязлітаснае слова "капітал". Мы самі радасць зносілі і гора. Ніколі не казалі нам айцы Прасіць свой хлеб на мірны падвячорак, Сваю зямлю на мірныя капцы. І аддаваць сваю чужынцам працу, І воўну - на чужыя дываны, Сваю сасну - на вашыя палацы, Сваю спіну - пад вашы бізуны. Сваю зямлю, любімую, святую, Якую грубым словам не назваць, Такую светлую, такую залатую Распусніку ў наложніцы аддаць? Даволі языком дарэмна звягаць! Ад нашых ніў зялёных - рукі прэч! Нам не патрэбны новыя варагі, Калі ж прыйдуць, дык атрымаюць меч. Гісторык грэчаскі эпічна й проста Пра нас даўным-даўно паспеў сказаць: "Жыве ў Гіпербарэі люд дзівосны, Якому не балюча паміраць, Калі ў яго забраць жадаюць долю, І нівы ў жоўтай повені жытоў, І родны кут, і родныя таполі, І родны гай, і залатую волю І ўдзірвянелыя капцы дзядоў". Калі ў той час мы не згіналі спіны, Як давядзеш баранячым мазгам, Якімі моцнымі мы стаць павінны Ад новай праўды, зразумелай нам. Я ведаю, цяжкімі будуць годы, А нам стаяць, не гнуцца як трысцё, Бо лёс славян і лёс майго народа - Нялёгкае і гордае жыццё. Нам першым даглядаць усходы волі, І першымі іх потым паліваць... . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Даволі успамінаў, досыць болю, Патрэбна неяк жыць і працаваць. Надзену шапку. Выйду на адвалы. Смяецца сонца ў хмызняках густых, Смяюцца зайчыкі на свежых хвалях: "На добрае здароўечка твой чых". Дождж крочыць недзе па лугах далёкіх: Ад хмары ў полі дымная мятла. І над вадою, над Дняпром шырокім Вясёлка светлай аркаю лягла.