Читать «Паэзія розных гадоў» онлайн - страница 6
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
VІ
Зямля дзядоў! Любімы мой народзе, Што моц сваю пазычыў у дубоў, Дыхтоўна зробленыя на стагоддзе Нашчадкі бортнікаў і рыбакоў. Не зверне шлях мой на шляхі чужыя, Заўсёды дарагімі будуць мне Зарэчча, горад, хвоі залатыя, Ашыткі на прароўскім мулкім дне, Ад месяца чырвоная кітайка, Што цягнецца над соннаю вадой, Блакітнае крыло дняпроўскай чайкі І ў ціхіх хвалях шчупачыны бой. Народзе мой, да шчасця чалавека Ідзём з табой дарогаю адной, Твае сябры - мае сябры навекі, Твой вораг - самы люты вораг мой. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Блакітнае, жамчужнае змярканне. Снуецца ў сэрцы ціхіх думак рой. Чырвоны месяц выйшаў на спатканне З нячутнаю і цёплаю вадой. Не можна ад нябёс адрозніць повень: І там і там адна і тая ж бель. Плыве пад ветразем крылаты човен Як казачны ў паветры карабель.
Слова Мiцкевiчу
Верш у прозе
Кажуць, што ў ноч на дваццаць шостае лістапада ты з'яўляешся на зямлю, якая цябе нарадзіла, і ходзіш па ёй, заглядаючы ў кожную хату, ў кожную адрыну, на дно кожнага глыбокага возера.
Нячутныя крокі твае, а вочы з пяшчотнасцю нябачанай глядзяць на гэтую простую і мілую зямлю.
Рукі твае дакранаюцца да кары дрэваў-манументаў, галубяць кожны ліст на прырэчнай каліне, а вушы чуйна прыслухоўваюцца да новых спеваў, што гучаць на берагах чыстых, як сэрца тваё, беларускіх рэк.
Ноч вялікая-вялікая, і таму паспяваеш ты пабываць скрозь: на рудых берагах Дняпра і на беразе Світазі, дзе ў хвалях водарасці заблыталіся як русалчыны косы, ў сініх лясах Гродзеншчыны і на гары Маяк.
Неабсяжная зямля наша, але паўсюль, дзе пачуеш ты "кугаканне" савы над акном хаты, ты, непрыкметны, заходзіш у хату і глядзіш у вочы новаму чалавеку, які нарадзіўся ў той дзень, калі ты памёр.