Читать «Паэзія розных гадоў» онлайн - страница 2

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

"I зашумяць асiны над ракою..."

І зашумяць асіны над ракою, І будуць светлымі улетку дні, І зацвітуць на скалах над вадою Спакойныя купальскія агні. Як знак таго, што ўсё мінае ў свеце, Сарве іх шэрань прагнаю рукой, І толькі ты адна ва ўсім сусвеце Навекі застанешся маладой. 

Бацька

Бярозкі ствол усхвалявана-тонкі, Пясчанікавых скал крутыя йлбы, Над берагам зялёным явар звонкі І моцныя, спрадвечныя дубы. Вось буслава гняздо над старай хатай Вячэрнім, залатым агнём гарыць І там, ля пуні, дзе вішняк калматы, Сплятае сетку бацька мой стары. Даткнуцца б рук яго, такіх знаёмых, Карычневых ад сонца і зямлі, Ад сонца, што цяплей за ўсё удома, Ад той зямлі, дзе ён і я раслі. 

Алень

Лісце ў пушчы як цудоўны ложак. Вечар. І ад дрэў гусцее цень. Недзе за ялінамі прыгожымі Ўсхвалявана затрубіў алень. Гукі, што з дзяцінства мне знаёмыя. І калі ў душы яны гучаць, Гэта значыць - я нарэшце ўдома. Добры дзень, чырвоны лістапад! Добры дзень, прызыўны кліч аленевы! Памаўчы, бо я ў цішы гаёў Сам трубіць пачну ў тузе асенняй, Каб каханне адшукаць сваё. 

Зямля дзядоў

Паэма

І

Блакітнае, жамчужнае змярканне, Снуецца ў сэрцы ціхіх думак рой. Чырвоны месяц выйшаў на спатканне З нячутнаю і цёплаю вадой. Не можна ад нябёс адрозніць повень: І там і там адна і тая ж бель. Плыве пад ветразем крылаты човен Як казачны ў паветры карабель. Зямля дзядоў! Такою ж залатою Яна была і ў той далёкі век, Калі зубры ішлі да вадапою І на дубах хаваўся чалавек. Гады мінулі, пазгнівалі троны, Ахуталі як коўдрай палыны Руіны замка "каралевы Боны" І над Дняпром шырокім курганы. Даўно мяне не бачыла адрына, Дзе я калісьці дзічкі ў кут хаваў, І пыл на вулках, мяккіх як пярына, Ног змораных даўно не цалаваў. І вось ізноў трава знаёмых вулак І за Дняпром сівым абрыс сяла: Збароў, дзе некалі мая матуля Вясковаю настаўніцай была. У дальні свет шырокія дарогі, Асін трапюткіх нечаканы ўздых, Дзядамі узараныя разлогі, Калыска і прыстанак вечны іх.