Читать «Паміж "А" і "Б"» онлайн - страница 9

Владимир Георгиевич Машков

Каб яшчэ кветкі ды аркестр, гэта б выдавала на сустрэчу чалавека, што першым пабываў на Месяцы.

— Прабачце мяне, сябры, — сказаў я, і голас у мяне дрыжаў, а на вачы накочваліся слёзы.

Аднакласнікі былы расчулены:

— Ды кінь ты!

— Ды што ты!

— Лухта ўсё гэта!

Яны і напраўду абрадаваліся майму вяртанню. Добрыя таварышы!

Галка Наважылава паспрабавала была прамовіць чарговую натацыю, яна ўжо адкашлялася, але яе спыніла Сетка Нікіціна:

— Не трэба, з чалавекам магло тако-о-е здарыцца.

На твары ў дабрадушнай Светкі быў выраз жаху, яна прамовіла слова “тако-о-е” такім свістлівым шэптам, што я нават падумаў: аж і праўда магло здарыцца “тако-о-е”.

Ледзь стрымліваючы слёзы, я сеў за парту. На ўроку я цалкам авалодаў сваімі пачуццямі. І калі на пераменцы таварышы прысталі з роспытамі, мяне панесла. Пад час расповеду я касіўся на Сёмку — ці не выдасць? Але Сёмка пазіраў на мяне захопленымі вачыма, як быццам гэта не ён тырчаў са мной учора на паддашку, а нехта іншы.

— Пайшоў я тады з класа і рушыў куды вочы вядуць, — пачаў я быліннай мовай гісторыю пра тое, як я тапіўся. — Сам не заўважыў, як дабраўся да рэчкі. Распрануўся, а холад сабачы. Але я, канешне, нічога не адчуваю, самі разумееце, што ў мяне на душы!

Улез у ваду, а яна пячэцца. Вось, думаю, хіба можна ўтапіцца ў такой халоднай вадзе? Не шанцуе мне нешта.

Даплыў да сярэдзіны, склаў рукі па швах — і “салдацікам” на дно. Толькі крануўся нагамі пяску, як мяне выштурхнула на паверхню. Глянуў я на бераг, а там нейкая жанчына бегае ў квяцістай хустцы — калі я прыйшоў тапіцца, яна бялізну паласкала.

Бегае і гарлае:

— Ой, тоне хлопец, ой, ніяк выплысці не можа!

Вось цуды, падумаў я, адразу двое топяцца! Цікава, з-за чаго той хлопец, пра якога яна гарлае, у раку палез? Можа, яму таксама байкот абвясцілі? І зноўку пайшоў на дно.

Але тут празвінеў званок, увайшла Адэлаіда Васільеўна, “англічанка”, і дзеці разбегліся па сваіх партах.

Наступная пераменка была доўгая, і тут я ўжо мог даць сабе волю, тым больш што сорак пяць хвілін урока я не згубіў марна — аповед прыдумаў на славу.

— Дык вось, — працягваў я, калі таварышы зноў абкружылі мяне, — вынырнуў я яшчэ раз. Гляджу, а на беразе побач з жанчынай салдат з’явіўся. Боты ўжо скідае. А жанчына прыгаворвае яму:

— Вынырне, крыкне нешта і зноў на дно. Сілаў у яго, мабыць, нестае. Ты хутчэй, салдацік, а то патоне хлопец.

Тут да мяне, нарэшце, дайшло, што гэта аба мне цётка галосіць. Гэта я, выходзіць, не ўмею плаваць. Я, чэмпіён 6 “А”?!

Я абурыўся і закрычаў:

— Ды я лепш за вас абоіх плаваць магу! Глядзіце!

І як пайшоў кролем! А салдат мне крычыць:

— Ты, хлопча, лепей на спіну ляж, сілы эканом!

— Я і на спіне магу, калі ласка! — крыкнуў я.

Тут салдат распрануўся і кінуўся ў ваду. Плаваў ён файна, потым я даведаўся, што ў яго першы разрад. Я — ад яго, ён — за мной. Урэшце абодва дабраліся да берага.

Цётка нам дала ручнік. Мы расцерліся.

Вось так мне і не ўдалося ўтапіцца.

Таварышы маўчалі.

— Слухай, — раптам сказаў Сёмка, — а табе ж трэба было камень на шыю прывязаць.