Читать «Паміж "А" і "Б"» онлайн - страница 7

Владимир Георгиевич Машков

Нарэшце я наважыўся:

— Ну, бывай, — задуменна прамовіў я.

— Ты к-куды? — у Сёмкі задрыжалі вусны.

Я моўчкі павярнуўся і хутка рушыў не ў той бок, дзе быў мой дом, а ў процілеглы. Я збочыў направа каля рознакаляровага, нібы папугай, газетнага кіёска. І калі я апынуўся за сцяной дома і Сёмка згубіў мяне з поля зроку, я кінуўся вомегам.

Не ведаю, як вы, але я люблю двары ў мікрараёнах. Тут вельмі лёгка схавацца ад любой пагоні. Дамы ўсе на адзін твар, двароў процьма, карацей — паспрабуй злаві.

У адзін з такіх двароў я і шмыгнуў. З-за сцяны дзетсаду выглянуў. Как я і меркаваў, Сёмка краўся за мной. Але мой імклівы рывок збіў яго з панталыку. Сёмка недаўменна азіраўся, ён не мог зразумець, куды я знік.

Я, задаволены, усміхнуўся. Даў кухталя малому, які занадта да мяне прыглядаўся, і патупаў дадому.

У нашым раёне амаль усе дамы былі драўляныя. Улетку на вуліцах зелянела трава, а ўзімку снег завальваў дамы па самую макаўку. І тады ўсе жыхары выходзілі і расчышчалі дарожкі да калонак. Увогуле, як у вёсцы, хаця ўсяго ў двух кроках ад шумнага, зіхоткага праспекта. Толькі тры новых, у сем паверхаў, дамы ўзвышаліся над нашым раёнам. Уначы яны былі падобныя на вялікія караблі, што спыніліся адпачыць на пару хвілін і хутка здымуцца з якараў.

Я з мамай жыў у доме пасярод, у 27 “а”, а былі яшчэ 27 проста і 27 “б”.

Асцярожна, каб мяне ніхто не заўважыў, я прабраўся па лесвіцы на паддашак. На паддашку, за кацельным комінам, было наша з сёмкай месца. Пра яго ніхто, акрамя нас, не ведаў. Там я выпрастаўся на старой рыжай канапе. Яна была такая старая, што нават спружыны ў яе рыпелі.

Трэба было абдумаць, што адбылося.

Дарэчы, пра паддашкі. Раней, калі мы яшчэ жылі ў драўляным доме, там быў выдатны паддашак. Мы з Сёмкам забіраліся туды ва ўсіх выпадках, калі трэба было абмазгаваць што-небудзь вельмі складанае і сакрэтнае.

Але потым наш дом зруйнавалі. Прыехаў бульдозер, і дома як не было, а з ім і паддашка. І мы з мамай пераехалі ў той самы 27 “а”, на паддашку якога я зараз усё гэта згадваю.

Памятаю, мама хадзіла па нашай кватэры, пад сабой ног не чуючы, ускідвала рукі, гладзіла сцены, адкрывала краны.

А я стаяў змрочны, як скульптура ў парку. Ну хіба могуць быць у такім доме паддашкі?

Тут да нас уварваўся Сёмка. Сёмка, то бок яго бацькі, таксама атрымалі кватэру ў нашым доме.

— Хадзем, — сказаў Сёмка.

Я неахвотна выйшаў на пляцоўку.

— Чаго табе?

Мой сябар прамовіў толькі адно слова:

— Паддашак.

Мы памчаліся наверх. Аказалася, што ў 27 “а” паддашак усё-такі быў. Вялізны і зусім пусты. Толькі дах нізкаваты, але тут ужо нічога не паробіш, мы былі радыя і такому.

Калі я вярнуўся з паддашка, мама несупынна хадзіла па пакоі.

— Я так задаволена! Я так радая! — Яна абярнулася да мяне: — А табе як? Падабаецца?

Я усміхнуўся:

— Вельмі.

Неўзабаве паддашак завалілі ўсялякім хламам, таму што паветак у двары не было. Но нам з Сёмкам удалося адгарадзіць сабе месцейка за кацельным комінам. Калі нас чакала якая-небудзь непрыемнасць, мы забіраліся сюды. Тут мы былі ўпэўнены ў сваёй поўнай бяспецы.