Читать «Паміж "А" і "Б"» онлайн - страница 10

Владимир Георгиевич Машков

— Правільна, камень, — загудзелі аднакласнікі.

— Камень — гэта ідэя, — сказаў я. — Вы ведаеце, сябры, дужа я был засмучаны, не падумаў пра камень. Але наступным разам я без каменя і не палезу тапіцца. Гэта вельмі добрая ідэя. Дзякуй табе, Сёма. — І я люта зірнуў на Сёмку.

— Не трэба, — закрычалі таварышы і весела зарагаталі.

Ад радасці, што ўсё так добра скончылася — я не ўтапіўся і зноў падружыўся з аднакласнікамі, - я зрабіў стойку на настаўніцкім стале. Гэта быў мой каронны нумар, ніхто ў нас у класе, апроч мяне, яго не ўмеў рабіць. І акурат у гэты момант да нас увайшла Кацярына Майсееўна — наш дырэктар. Я згледзеў яе краем вока.

— Атас! — зашумелі таварышы.

Я саскочыў на падлогу і сказаў:

— Я магу і больш прастаяць.

— Гэта я ведаю, — сказала Кацярына Майсееўна. — Хадзем, Валерый, пагаворым.

— Калі ласка, — ветліва згадзіўся я. — Але толькі не надоўга, у нас зараз кантрольная па рускай мове.

— Добра, — усміхнулася дырэктарка.

І мы ўвайшлі ў яе кабінет.

“Тры волаты”

Кацярына Майсееўна была маленькая і поўная і таму хадзіла павольна і пры кожным кроку ўздыхала.

Мы з ёй разам пачалі пад’ём па лесвіцы. Яна зробіць крок, уздыхне, яшчэ крок і яшчэ ўздых. Я мог бы за гэты час, пакуль мы паднімаліся, ужо дзесяць разоў туды і назад збегаць. Ну, калі не дзесяць, то пяць у любым разе.

І чаму толькі Кацярына Майсееўна зрабіла свой кабінет на чацвёртым паверсе? Ёй зручней было б на першым. А можа, яна знарок, каб фізкультурай займацца і скінуць лішнюю вагу?

Я толькі хацеў спытаць у Кацярыны Майсееўны, ці праўда, што яна зладзіла свой кабінет на чацвёртым паверсе, каб трэніравацца, як яна сказала:

— Ну што мне з табой рабіць, Валерый? — І зноў уздыхнула.

Я таксама ўздыхнуў і падумаў: а што са мной і напраўду рабіць?

Зверху па лесвіцы з шумам і крыкам збягалі вучні. Не даляцеўшы двух метраў да мяне і дырэктаркі, яны раптам пачыналі ісці спакойна і нетаропка, быццам ім было гадоў па восемдзесят, не менш. Вучні казалі: “Добры дзень, Кацярына Майсееўна”, - а потым несліся з ранейшай хуткасцю і з ранейшым шумам.

— Ну, дык што мне з табой рабіць? — зноў спытала дырэктарка, калі мы ўселіся ў яе кабінеце — яна ў фатэль, я ў крэсла.

Я бываў у гэтым кабінеце не раз і ўсё добра памятаю, а таму не стаў разглядваць “Трох волатаў” — вялізную карціну, што вісела на сцяне, наўпрост за спінай Кацярыны Майсееўны. Я гэтую карціну ўжо вывучыў на памяць. Магу ў любы момант расказаць, хто які меч трымае і ў каго якой масці конь. Самі разумееце, зададуць табе такое пытанне: “Ну што мне з табой рабіць?” — а як на яго адказаць, не ведаеш. Каяцца яшчэ рана, трэба счакаць, вось і вывучаеш карціну. Мне ўжо прыйшла ў галаву думка: добра б дырэктарцы для тых, хто часта бывае ў яе кабінеце, замест “Трох волатаў” павесіць “Бурлакоў”, а потым замест “Бурлакоў” яшчэ якую- небудзь карціну.

Так за некалькі гадоў можна вывучыць усіх мастакоў і ўсё, што яны намалявалі.

— Маўчыш? — спытала Кацярына Майсееўна.

— Я ўжо памірыўся з таварышамі, і ўсё будзе добра, — сказаў я. — Абяцаю.