Читать «Паміж "А" і "Б"» онлайн - страница 8

Владимир Георгиевич Машков

— Я так і ведаў, што ты тут. — Сёмкава трыумфальная фізіяномія ўхмылялася.

Ён падкраўся так асцярожна, што я яго не заўважыў.

— Чаго ты не прыцягнуў з сабой увесь клас? — злосна спытаў я.

— Ты не злуйся, — прымірэнча сказаў Сёмка, — Есці хочаш?

Ён выцягнуў з празрыстага мяшэчка ўсё, што прынёс з сабой. Сёмка быў чалавек шчодры і прыцягнуў гару ўсялякай ежы: кавалак сыру, каўбасу з белымі гарошынамі тлушчу і яшчэ гарачыя, у румянай скарынцы катлеты. Калі адкусіць, падумаў я, скарынка пэўна захрумстае.

Я праглынуў сліну: успомніў, што не абедаў.

— Колькі часу?

— Гадзін восем. Ды ты еш, — Сёмка пасунуў да самага мойго носа катлеты.

Я ганарліва паматаў галавой:

— Я аб’яўляю галадоўку.

Сёмкаў твар выцягнуўся.

— У знак пратэсту супраць байкоту, — дадаў я.

Сёмка пазіраў на мяне са здзіўленнем і захапленнем.

— Ну, вось што, — сказаў я. — Ты зараз пойдзеш адсюль і, калі ты мне сябар.

— Але твая маці непакоіцца, мусіць, — перабіў мяне Сёмка.

— …і калі ты мне сябар, ты нікому не скажаш, дзе я, — рашуча закончыў я.

Засмучаны, Сёмка пайшоў, і я застаўся адзін. Толькі тут я адчуў, як мне крыўдна, што са мной так паступаюць таварышы. Нават размаўляць не хочуць, быццам я ім вораг.

Ну, ладна, я вас правучу. Адвярнуліся ад чалавека, а чалавек пайшоў і ўтапіўся.

Я ўявіў, якая нататка з явіцца ў газеце:

Смерць праз абыякавасць

Учора трагічна загінуў вучань 6 класа “А” 13-й школы Валерый Карабухін. Смерць сталася вынікам злачыннай абыякавасці да лёсу хлопчыка. Пад знешняй весялосцю і бесклапотнасцю калектыў не разгледзеўяго пяшчотнай, чуллівай, лёгка ранімай душы…

Расчулены, што ў мяне, аказваецца, такая пяшчотная душа, я не заўважыў, як і заснуў. Прачнуўся ад таго, што азяб. Я ўскочыў і — раз, два, тры, чатыры — стаў рабіць зарадку. Зірнуў у паддашкавае акенца, — на вуліцы выла непраглядная цемра. Напэўна, гадзіны дзве ночы.

Я спусціўся з паддашка. Доўга таптаўся каля сваіх дзвярэй, баючыся пазваніць.

Мама адчыніла адразу, быццам яна прастаяла там, за дзвярыма, увесь час, пакуль я марнаваўся на паддашку. Яна схапіла мяне за руку і ўцягнула ў пакой. Я ніколі не думаў, што мама такая дужая. Потым яна пачала мяне цалаваць, а слёзы яе капалі мне на твар і нават за шыварат.

— Дзе ты прападаў, лайдак! — закрычала мама. — Тут усе з глузду з’язджаюць, а ён швэндаецца немаведама дзе. Аднакласнікі твае і Лідзія Іванаўна разоў дзесяць прыходзілі ўжо. Галодны, мусіць, як бяздомны сабака?

Мама зноў стала такой, якой была заўсёды, — мітуслівай і заклапочанай. Яна загрымела каструлькамі — прынялася разаграваць абед. Ад баршчу ішоў такі апетытны пах, што я вырашыў: “Галадоўку трэба канчаць”. Дарэчы, катлеты ў мамы былі не горшыя за Сёмкавы, так што я нічога не згубіў. Толькі воўчы апетыт прыдбаў.

Паеўшы, я расклаў крэсла-ложак і выпрастаўся ва ўсю даўжыню. Укрыўся коўдрай і адразу сагрэўся.

Усё-такі гэта хораша — спаць ў сваёй пасцелі, а не на паддашку.

Магло здарыцца “тако-о-е”!

Калі я з’явіўся ў класе, мяне сустрэлі здзіўленыя і радасныя твары. Нехта нават крыкнуў: “Ура! Карабухін вярнуўся!”