Читать «Паміж "А" і "Б"» онлайн - страница 6
Владимир Георгиевич Машков
Я рахмана спытаўся:
— Хто там?
— Гэта мы, — дрыготкім голасам адказала Галка. — А адкуль у цябе сабака?
— Я ж вам расказваў, а вы мне не паверылі. Пачакайце хвілінку. Я яго прывяжу, а то ён не чужых кідаецца. Асабліва на дзяўчатак.
Бразгаючы ланцужком, я завёў сабачку ў кут, ускалмаціў на ім поўсць, і выпадкова мае рукі трапілі Ружы пад пахі.
Я крыкнуў:
— Заходзьце! Эльбрус на ланцугу!
І тут адбылося нешта надзвычайнае. Напэўна, Ружа як агню баяўся козыту. І дужа не любіў, калі яго казыталі. Таму што ў тую хвіліну, калі аднакласнікі з’явіліся на парозе, Ружа вырваўся з маіх рук, шалёна віскнуў, забрахаў і ўсчаў гойсаць па калідоры. Ускалмачаны, раззлаваны, ён казаўся такім страшным, што нават я забаяўся.
А таварышы? Змінаючы адно аднаго, яны скаціліся па лесвіцы ўніз.
Я ледзьве супакоіў разлютаванага Ружы і адвёў яго да бабулі.
Раніцай, ледзь я пераступіў парог класа, на мяне наляцела Галка Наважылава.
— Ну, Карабухін, гэта пераходзіць усякія межы. На сваіх таварышаў нацкоўваць шалёнага сабаку! Так гэта табе не спусцім.
Яна агледзела арліным паглядам увесь клас і прамовіла:
— Наш атрад вырашыў аб’явіць табе байкот. З сённяшняга дня мы з табой не размаўляем. Ты нам не таварыш.
— Усе са мной не размаўляюць? — Я зірнуў на Сёмку.
Сёмка адвярнуўся.
— Усе, — адрэзаў Лёнька Аляксандраў.
На першым уроку са мной ніхто не размаўляў, на пераменцы таксама, на другім уроку ў мой бок ніхто нават не зірнуў, на другой пераменцы на мае пытанні не адказвалі, на трэцім уроку — таксама, на вялікай пераменцы — пяць хвілін! — са мной ніхто слоўцам не перакінуўся, на чацвёртай пераменцы байкот працягваўся.
Пасля пятага ўрока я змрочна прамовіў:
— Пайсці ўтапіцца, ці што!.. А што яшчэ застаецца чалавеку?
І, ледзь перастаўляючы ногі, пацёгся па калідоры.
Я аб’яўляю галадоўку
Канешне, тапіцца я не думаў. Я накіраваўся ў кіно. З учарашняга дня ва ўсіх кінатэатрах ішоў фільм “Парыжскія таямніцы”.
Па горадзе былі расклеены блакітныя афішы. З афіш усміхаўся шыракаплечы хлопец. Ад яго ўдараў ва ўсе бакі разляталіся тыпусы са змрочнымі фізіяноміямі.
Хіба можна было не пайсці на такі фільм? Лягчэй у школу не пайсці…
Кіно мне спадабалася. Здорава б’ецца гэты маркіз. Трэба будзе мне патрэніравацца. Бокс у жыцці спатрэбіцца.
Заняты такімі думкамі, я рушыў па вуліцы. І нічога не заўважаў. Раптам на мяне наляцеў і ледзт не збіў з ног Сёмка.
— Ты што правілы вулічнага руху парушаеш? — усердзіўся я.
— Ты жывы? — У Сёмкі дрыжэлі рукі, дрыжэў партфель, а твар быў такім напалоханым, быццам ён толькі што пабываў у пашчы ў льва і толькі цудам вырваўся.
— Цікава, чаму я павінен памерці? — здзіўлена спытаў я.
— Ды не, канешне, — узрадаваўся Сёмка. — Я пабягу, скажу таварышам. А то яны думаюць, што ты. — Сёмка нервова хіхікнуў, - утапіўся. Шукаюць цябе.
— Чакай. — Я схапіў Сёмку за руку. — Шукаюць, кажаш?
— Так, — таропка заківаў Сёмка, — ужо і дома былі. А ты дзе швэндаўся? У кіно сядзеў?
Я нічога не адказаў, таму што я разважаў. Думкі адна за адной з’яўляліся ў маёй галаве, яны перабівалі адна адну і не давалі засяродзіцца: “А што, калі я. Не, лепш так. А можа — наадварот?”