Читать «Паміж "А" і "Б"» онлайн - страница 5

Владимир Георгиевич Машков

І развялі рукамі.

А Галка Наважылава пры ўсіх вымавіла:

— Мы вырашылі, Карабухін, заняцца табой ушчыльную і ўсур’ёз. Сёння пасля ўрокаў да цябе накіруецца піянерскі патруль.

А навошта патруль? — спытаў я. — Што я — злачынца?

— Двойкі атрымліваць — хіба не злачынства? — сказаў Лёнька Аляксандраў і паважна паправіў акуляры на пераноссі.

Я задумаўся.

— Паслухайце, — сказаў я нарэшце. — Можа, без патруля абыдземся?

— Нельга, — пазяхнуў Лёнька. — Да цябе больш даверу няма.

— Ладна, — уздыхнуў я. — Прыходзьце. Толькі калі Эльбрус нападзе на вас, я не адказваю.

Усе паглядзелі на мяне ўважліва.

— А хто такі Эльбрус?

— Дабярман-пінчэр. Сабака такі. Як убачыць каго чужога, асабліва дзяўчынку, адразу кідаецца, — цярпліва патлумачыў я.

Аднакласнікі сцішыліся.

— Хлусіць ён! — раптам закрычаў Сёмка. — Я ў яго ўчора на тэлевізары сядзеў, ніякага дабярмана, ніякага пінчэра ў яго няма. У яго нават кошкі няма.

Галка Наважылава асуджальна пахітала галавой:

— А падманваць таварышаў, Карабухін, і зусім сорамна.

Я толькі сцепануў плячыма, а Сёмку паказаў кулак — пагаворым сам- насам, як мужчына з мужчынам.

Трэба было штосьці прыдумаць. Я ведаў, што такое піянерскі патруль. Гэта — прыходзяць да цябе дадому, засмучаюць маму, пытаюцца, як ты рыхтуеш урокі, які ў цябе распарадак дня, — увогуле, соваюць нос куды не трэба. А пасля ўсяго мама плача: “І навошта ты мне на гора такі ўрадзіўся?”

Не, трэба было дзейнічаць рашуча. “У мяне няма сабакі, - падумаў я, — дык яна ў мяне будзе. Ну, не дабярман-пінчэр, а просты дварняк — усё роўна ва ў сабачых пародах анічога не цяміце”.

Як толькі кончыліся ўрокі, я на скрут галавы памкнуўся дадому і куляй уляцеў на пяты паверх. Там жыла адна бабуля. У яе быў кучаравы беленькі сабачка з чарнюткім, як кнопка, носам. Калі яго пабачыць здалёк, то можна спужацца — страшная пачварына. А калі яе пабачыць бліжэй, то адразу стане ясна, што гэта бяскрыўдны пакаёвы сабачка.

Але ў мяне не было выбару, больш сабак у нашым доме не вадзілася.

Я сказаў бабулі, што вельмі люблю сабак, але ўсе сабакі свету, у тым ліку і дабярманы-пінчэры, не вартыя і адзінага кіпцюрыка яго, бабулінага, сабачкі. І хай таму яна, бабуля, дазволіць мне пагуляць з яе сабачкам па двары.

Бабуля была расчулена. Яна забылася, як я цягаў яе сабачку за хвост і купаў у лужыне.

Бабуля замілавана пралепятала:

— Ты чуеш, Ружа, які цудоўны хлопчык жыве ў нашым доме? Выхаваны, любіць жывёл… Ідзі з ім пагуляй. Толькі, хлопчык, нядоўга, а то Ружа сёння кашляў.

Я баюся, ці не прастудзіўся ён.

Я хутка спусціўся ўніз. І якраз своечасова — па лесвіцы ўжо пляскаў галёшамі піянерскі патруль. Я ледзь паспеў зачыніць за сабой дзверы, як. Дзынь! Патруль!

Я тузануў Ружу за хвост: вось зараз забрэша! Але ён толькі жаласна заскуголіў. Я яшчэ раз тузануў — ну, пабрашы, старэча, табе шкада, ці што?

Ружа ледзь не заплакаў, але брахаць не хацеў. Ён проста не ўмеў, напэўна.

Тады я ўстаў на карачкі, каб паказаць Ружы прыклад, і натхнёна прагаўкаў: гаў! гаў!

Другі званок захліпнуўся на першай жа ноце.