Читать «Паміж "А" і "Б"» онлайн - страница 4
Владимир Георгиевич Машков
— Наши жены — ружья заряжены.
І раптам:
— Стойце! Чакайце! Укралі!
За намі грукаў ботамі па вуліцы дзядзька ў кажусе і заечай шапцы.
— Аддайце, гэта мая рэйка, — сказаў ён, аддыхаўшыся.
Сёмка спрабаваў быў заспрачацца:
— Мы знайшлі гэтую рэйку. Яна валялася.
Я спыніў Сёмку і дабрадушна ўсміхнуўся:
— Калі ласка, бярыце!
Дзядзька пасоп, папыхкаў, нарэшце прыўзняў рэйку, прайшоў, хістаючыся, некалькі крокаў і кінуў сваю ношу на зямлю. Твар яго зрабіўся ўмольным.
— Хлопчыкі, памажыце. Вы ж піянеры, цімураўцы, так сказаць, памочнікі старэйшых.
Мы захоўвалі маўчанне.
Дзядзька зрабіў другую спробу, але ён быў старэнькі, і ўстанавіць сусветны рэкорд па пад’ёму цяжару яму не ўдалося.
Тады я пачаў штурм.
— Як ваша імя і імя па бацьку?
— Сідар Сідаравіч, — буркнуў дзядзька.
— Сідар Сідаравіч, дзяржава пра вас клапацілася. Вы атрымалі цудоўную трохпакаёвую кватэру ў цудоўным пяціпавярховым доме на цудоўным другім паверсе. У двары ў вас растуць цудоўныя саджанцы і звініць цудоўны дзіцячы смех.
Увесь час, пакуль я натхнёна нёс гэтую лухту, дзядзька пазіраў на мяне, вытрашчыўшы вочы, і згодна ківаў галавой.
— Мусіць, вы ўжо і пенсію атрымоўваеце?
— Атрымоўваю.
— Вось бачыце, вы цалкам забяспечаны і шчаслівы чалавек. — Я падміргнуў таварышам. — Чаго ж вам яшчэ трэба?
Мы ўзялі рэйку з прымацаваным да яе вечкам і выправіліся ў дарогу.
— Да пабачэння.
— Да пабачэння, — разгублена сказаў нам дзядзька.
Некалькі хвілін мы ішлі ды хіхікалі.
— Гэй, стойце, чакайце!
Мы са злосцю кінулі рэйку на зямлю, яна глуха бразнулася.
— Ну нашто яна вам? — Я больш не ўсміхаўся.
— А на склеп, — няўпэўнена сказаў дзядзька.
— На які? У вас жа цудоўная трохпакаёўка ў цудоўным пяціпавярховым доме.
Дзядзька апусціў вочы і пяшчотна паглядзеў на рэйку.
Зноў рэйка ў нашых руках, зноў мы тупаем па вуліцы.
Дзядзька не адстае ад нас і ные:
— Ён спатрэбіцца мне. Распілую на кавалкі і канькі ўнуку зраблю. Або грузілы на вуды…
Мы ішлі, зусім не зважаючы на яго стогны. Мы спыніліся толькі, каб перадыхнуць.
Нарэшце дзядзькавы мальбы мне надакучылі, і я рашыў яго прыпужнуць.
— Гэта не вы гаворыце, гэта ў вас перажыткі капіталізму гавораць.
Дзядзька захіхікаў і пацёр рукі.
— Ну, хлопцы, пасварыліся, і годзе. Па пачку марожанага на брата, і адцягнем рэйку да мяне ў цудоўную кватэру.
Мы не адказвалі.
Ну, хлопчыкі, па пачку пламбіру.
Я бачыў, як Сёмка аблізнуў губы.
— Поўны наперад! Свістаць усіх наверх! Зямля!
Наперадзе паказалася школа. Мы дадалі хуткасці.
— Хлопцы, па квітку ў кіно на брата і па пачку пламбіру…
Калі мы прыцягнулі праклятую рэйку ў школу, важатая сказала, што мы паступілі няправільна, не па-піянерску. І, каб выправіць памылку, павінны не марудзячы аднесці рэйку назад яе ўладальніку.
Уладальнік горача падзякаваў важатай, а я сказаў, што ў мяне дрэнных учынкаў хапае, я хацеў зарабіць добры, а таму няхай назад гэтую прыватнаўласніцкую рэйку цягнуць іншыя. І пайшоў. Дзвярыма я не ляпаў. У мяне няма такой дурной звычкі.
Ці баяцца сабакі козыту?
Вось так і не ўдалося мне здзейсніць добры ўчынак.
Ну, Карабухін, — сказалі мне, — калі ўжо ты металалом збіраць не ўмееш, то ведаеш…