Читать «Паміж "А" і "Б"» онлайн - страница 30

Владимир Георгиевич Машков

— Можа, адпусцім? — расчуліўся Сёмка.

— Можа, снегам пакормім? — падміргвае мне Гарох.

Усе глядзяць на мяне і чакаюць мудрага рашэння. Я ўваю самавіты выгляд і пару хвілін разважаю. Не веру я людзям, якія спярша дадуць табе па зубах, а потым кажуць, што яны гэтага не хацелі і наогул яны анёлы. Я такім тыпам анічога не дарую, ніводнага сіняка. Дарэчы, пад левым вокам дужа баліць. Можа, вось гэты мне і заляпіў, які зараз хныкае і просіць адпусціць яго да мамкі?

Я паглядзеў на прытухлую сямёрку, а потым на сумёты снегу, якія сёння завалілі ўсю вуліцу. І яшчэ раз на сямёрку, і яшчэ раз на сумёты.

Вясёлая ідэя нараджаецца сама сабой.

А што, калі цудоўная сямёрка дармаедаў папрацуе на карысць вуліцы Першамайскай? — усклікваю я. — Зараз мы раздабудзем для іх шуфлі, і хай хлопчыкі, закасаўшы рукавы, з агеньчыкам у вачах ачысцяць вуліцу ад снегу.

Мая прапанова праходзіць на “ура”.

— Праца стварыла чалавека, — важна прамаўляе Гарох.

Мы з Сёмкам адпраўляемся ў бліжэйшыя дамы за шуфлямі, а Гароха сас сваімі вартуе дармаедаў.

Мы стукаем у дзверы і кажам:

— Наш піянерскі атрад вырашыў ачысціць вашу вуліцу ад снегу. Дайце нам, калі ласка, шуфель.

Жыхары вуліцы ахвотна даюць нам драўляныя шуфлі, а некаторыя нават дапамогу сваю прапаноўваюць. Але мы высакародна адмаўляемся:

— У нас такія хлопцы і так любяць працу, што мы хутка ўправімся самі.

Мы ўручаем чацвярым дармаедам прылады працы. Трох звязаных ахоўвае Гарох. Мы ж не спускаем вачэй з тых, хто працуе, а калі трэба, пакрыкваем, камандуем.

Дармаеды пачынаюць жвава. Іх шуфлі так і мільгаюць у паветры. Неўзабаве яны ачышчаюць тратуар перад пяццю дамамі. Але, перастараўшыся, Марат і яго сябрукі выдыхаюцца і пачынаюць ледзьве варушыцца.

— Гэй, Гарох! — крычу я. — давай другую змену.

Гарох развязвае трох палонных, яны прагна хапаюць шуфлі і пачынаюць з такой сілай кідаць снег, як гэта робіць добрая машына. Чацвёра з першай змены, прываліўшыся да плота, адпачывае.

У дзве змены “цудоўная сямёрка” хутка ачышчае тратуар. Застаецца зусім трохі.

— Ладна, хопіць, — загадваю я. — Змотвайцеся.

- І запомніце, — паказвае магутныя кулакі Гарох, — хто да нас з мячом прыйдзе — ад мяча і загіне.

Мы рагочам. Панурыўшыся, змучаныя, але перавыхаваныя, дармаеды ідуць праз пераезд да праспекта.

З неачышчанай часткай тратуару мы спраўляемся за паўгадзіны.

Дамоў вяртаемся амаль сябрамі. Вось жа як дзіўна бывае: мы з Гарохам — амаль сябры…

З пустога ў парожняе

Ужо тры дні як хварэе Іра. У яе грып разам з ангінай. Аднакласнікі цэлым натоўпам наведалі Іру, і Сёмка штодзень бегае да яе.

А я ні разу не зайшоў да Іры. Мне неяк нязручна. Таму што ўчора я атрымаў новую двойку па матэматыцы. І мне ўпершыню ў жыцці сорамна, што я атрымаў двойку. Раней нахапаешся “пар” і ганарышся імі, як алімпійскімі медалямі. А цяпер чамусьці сорамна. Я ўяўляю, як строга паглядзіць на мяне Іра, і ў мяне мурашкі пачынаюць па скуры стометроўкі бегаць.