Читать «Паміж "А" і "Б"» онлайн - страница 31

Владимир Георгиевич Машков

Мама сярдуе:

— Чаму ты не наведаеш Іру?

— Баюся заразіцца, — адказваю я. — Ты ж ведаеш, які грып зараны. І ангіна таксама.

— Ніхто цябе не прымушае з ёй цалавацца, — сярдуе мама.

— Вось яшчэ не хапала — цалавацца, — фыркаю я. — Не пайду і ўсё. Ты спытай у яе, ці не трэба ёй выклікаць “хуткую дапамогу”? — Я адчыняю дзверы і апошнія словы кручу наўздагон маме, якая таропка паднімаецца на чацвёрты паверх, дзе жыве Іра.

А самае крыўднае, што двойка ў мяне нейкая недарэчная. Двоек наогул дарэчных не бывае. Гэта зразумела. Але мая апошняя двойка была надта ўжо недарэчная, а ад таго — крыўдная. Таму што спярша яна была пяцёркай.

Пазаўчора мы пісалі кантрольную. Вы ж ведаеце, як пішуцца кантрольныя — па варыянтах. Ты рашаеш адну задачу, а твой сусед — іншую.

Я сядзеў адзін. Аднаму, самі разумееце, сумна рашаць. І я папрасіў Паўла Захаравіча перасадзіць мяне да Лёнькі Аляксандрава. Я сядзеў на перадапошняй парце, ля самых дзвярэй.

— Тут дзьме, Пал Захарыч, а ў мяне насмарк, — я старанна гучна носам.

Павел Захаравіч перасадзіў. А што тут такога? лёнька рашае адзін варыянт, а я другі. Не спішаш усё роўна. Нашаму варыянту патрапілася гэтая самая задача, вы яе, мабыць, тысячу разоў рашалі: пра басейн, які адна труба напаўняе вадой, а ў другую, наадварот, уся вада выцякае. Мне такая арыфметыка зусім не спадабалася. Аднойчы я ў адказе напісаў:”Трэба сказаць заўгасу, каб ён адрамантаваў другую трубу”. Такое рашэнне мне падказала мама, калі мы з ёй дзве гадзіны біліся над задачай, але так і не змаглі яе адолець. І вось на кантрольнай — такая ж.

Затое Лёнькаў варыянт быў куды цікавейшым. З пункта “А” ў пункт “Б” выехаў цягнік. Яго хуткасць пакуль невядомая. А насустрач яму выйшаў пехаход. Хуткасць пешахода 6 км ў гадзіну. Калі і дзе яны сутрэнуцца, калі адлегласць ад пункта А да пункта Б — 240 км?

Тут можна было паварушыць звілінамі. Трэба спярша даведацца, калі ўсё гэта адбывалася. Калі ўзімку, то наўрад ці чалавек можа прайсці ў гадзіну 6 кіламетраў. Я ўявіў, як ён ідзе, затуляючыся ад рэзкага ветру, як снег мяце яму ў твар. Не, наўрад ці за гадзіну ён пройдзе 6 км. Але, можа, ён на лыжах? Тады трэба было пра гэта напісаць. У такім выпадку, канешне, ён можа і больш за гадзіну прайсці.

А калі дзеянне ў задачы адбываецца не ўзімку, а летам, якія тады лыжы?

Летам, канешне, пешаход пройдзе ў гадзіну 6 км. Але толькі з раніцы, калі прахалодна. А потым, калі сонца пачне прыпякаць, чалавек ледзьве папляцецца. Я ўявіў, як пешаход разваліўся ў цяні пад дрэвам і выцірае пот, як ён аблізвае патрэсканыя вусны, яму, напэўна, дужа хочацца піць. Тут за гадзіну калі на 2 кіламетры прасунешся, і то добра.

Потым я ўявіў, як раптам хлыне дождж. І пешаход схаваецца ад яго дзе- небудзь у будцы абходчыка. Будзе сядзець, папіваць малако і ў акно пазіраць: калі ж скончыцца гэты выкляты дождж. Бо яму, пешаходу, трэба спяшацца насустрач цягніку.

А сам цягнік? Калі буран пачнецца, прыйдзецца яму знізіць хуткасць. А калі дажджы размыюць насып, тады цягніку і наогул не зрушыцца. Я чытаў у газетах, што на Каўказе пасля восеньскіх дажджоў цягнікі зусім не ходзяць. Пакуль вада не схлыне і новыя рэйкі не паставяць. У задачы ж не сказана, адкуль і куды накіроўваецца цягнік. З пункта А ў пункт Б. Тут можна любыя назвы падставіць.