Читать «Паміж "А" і "Б"» онлайн - страница 32

Владимир Георгиевич Машков

Не, мне вельмі спадабалася задача, якую рашаў Лёнька. Проста цудоўная задача, не тое што пра гэтыя агорклыя пераліванні з пустога ў парожняе.

І я прыняўся за Лёнькаву задачу. Некалькі разоў я зазіраў у Лёнькаў сшытак. Не, не для таго, каб спісаць, што вы, а проста каб зверыць, так ці не я рашаю. Усё-ткі Лёнька выдатнік.

Мне было нават прыемна, што мы абралі для рашэння адзін і той жа шлях.

Першым, як заўсёды, здаў Кантрольную Лёнька Аляксандраў. Потым Сёмка, Галка, Генка ды іншыя таварышы. Я здаў толькі пасля званка. А чаго хваліцца?

Учора Павел Захаравіч раздаваў кантрольныя працы. Ён браў сшыткі і казаў, у каго якія адзнакі. І вось у яго ў руках мой сшытак.

— Асабліва хачу адзначыць працу Валерыя Карабухіна. Вельмі добрая праца. Я яе магу паставіць побач з працай Аляксандрава — той жа бляск, тая ж матэматычная строгасць і чуццё. Толькі ў цябе, Карабухін, памылак граматычных шмат. Але на першы раз стаўлю табе “выдатна”. Малайчына.

Павел Захаровіч усміхнуўся і паглядзіў падбародак. Гэта значыла, што ў яго цудоўны настрой і ён нечым вельмі задаволены.

- І вы, сябры, малайцы, што дапамагаеце таварышу.

Я сціпла апусціў вочы. Усё-ткі прыемна, калі цябе хваліць такі стары і строгі настаўнік, як Павел Захаравіч. А ён усё не сунімаўся.

— Я хачу вас паказаць, як дасціпна Карабухін знайшоў розніцу ў хуткасці цягніка і пешахода.

І Павел Захаравіч пачаў на дошцы паказваць, як я ўсё гэта рашаў. Ён пастукваў крэйдай, і твар у яго быў такі зіхоткі, быццам я па меншай меры адкрыў закон сусветнага прыцягнення.

— Павел Захаравіч! — ускочыў Лёнька. — А чаму ён рашаў пра цягнік, калі яму трэба было рашаць пра басейн?

— Пра басейн? — Павел Захаравіч нахмурыўся.

— Так, — доўжыў Лёнька. — Ён жа сядзеў побач са мной на кантрольнай. Вы яго самі перасадзілі.

Настаўнік паклаў крэйду, павольна выцер рукі аб анучку.

— Цяпер я ўсё разумею. Навошта ты гэта зрабіў, Карабухін? — сказаў ён, паморшчыўшыся. — Стаўлю табе двойку.

— Мне проста спадабалася задача пра цягнік, — усклікнуў я. — Мне надакучылі задачы пра басейн.

Павел Захаравіч ссутуліўся і выйшаў у калідор.

Я паказаў Лёньку кулак.

— Фіскал, атрымаеш.

Лёнька пачырванеў.

— Але гэтае дасціпнае рашэнне прыдумаў я, а не ты.

— А можа, і я таксама? — з’едліва спытаў я.

— Я табе не веру, — сказаў Лёнька. — Красці чужое дасціпнае рашэнне нельга, гэта не спісванне, а плагіят называецца.

Я кінуўся на Лёньку з кулакамі. Але тут дзверы адчыніліся, і Павел Захаравіч ціха сказаў:

— Прадоўжым урок.

Рукапацісканне пад ліхтаром

Сёння мне вельмі адзінока і сумна. Ніколі яшчэ мне не было так адзінока і сумна.

Іра пабегла з сястрой у оперны тэатр. Да нас у горад прыехаў вядомы тэнар — тоўсты, з доўгімі бакенбардамі, якія насілі ў ХІХ стагоддзі. Ірына сястра сказала:

— У нашым інстытуце ўсе ад яго ў захапленні. Гэта ж сапраўднае бельканта.